На мяжы з Украінай беларускія памежнікі адкрылі стральбу па машыне парушальнікаў

18/01/2022 - 08:59

Уначы на мяжы з Украінай беларускія памежнікі адкрылі стральбу па машыне парушальнікаў. Яны затрымалі двух чалавек. Гэта грамадзяне Беларусі. Што рабілі мужчыны ў памежнай зоне, не паведамляецца.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі падкрэслівае, што здарэнне адбылося ў "памежнай паласе каля мяжы з Украінай". Памежнікі заўважылі аўтамабіль "Аўдзі", які ехаў у бок мяжы "па-за аўтамабільных дарог". Кіроўца адмовіўся спыніцца і наехаў на аднаго з вайскоўцаў (яму пазней аказалі меддапамогу ў Пінскай цэнтральнай раённай бальніцы). Каб спыніць машыну, памежнікі стралялі ў паветра і па колах.

У цяперашні час "працягваюцца аператыўныя мерапрыемствы для высвятлення ўсіх абставін". Затрыманыя могуць аказацца кантрабандыстамі. Фотаздымкаў іх не апублікавалі.

Здарэнне са стральбой на мяжы адбылося на фоне ваяўнічых заяў, якія гучаць з Мінска, і хуткіх вучэнняў, якія беларускае войска збіраецца праводзіць сумесна з расійскімі вайскоўцамі (яны стартуюць 10 лютага).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі