На мінчука склалі пратакол за пікетаванне "шляхам раздачы цукерак"

06/04/2021 - 14:09

Мінчук апынуўся на Акрэсціна за... цукеркі ад фабрыкі "Камунарка".

Здарэнне адбылося 25 сакавіка, піша TUT.by. Іван разам з сябрам ішоў па вуліцы Веры Харужай у Мінску. У заплечніку былі дзве ўпакоўкі цукерак ад "Камунаркі". 

Гэтымі цукеркамі адзін з хлопцаў пачаставаў сваю знаёмую. Пасля гэтага да хлопцаў падышлі сілавікі, папрасілі прайсці "для разбору з нагоды крадзяжу мабільнага тэлефона" і адвезлі ў РУУС. Там на іх склалі два пратаколы — за непадпарадкаванне і "за пікетаванне шляхам раздачы цукерак у БЧБ-абгортцы".

Суд, які адбыўся на наступны дзень, адправіў абодва пратаколы на дапрацоўку, але з ІЧУ на Акрэсціна Івана не адпусцілі. Калі заканчваўся 72-гадзінны тэрмін затрымання, на хлопцаў склалі новыя пратаколы: маўляў, яны "з хуліганскіх меркаванняў у РУУС зладзілі скандал".

Сябар Івана сваю віну прызнаў — яму прысудзілі 13 сутак і адправілі ў Жодзіна. Іван адмаўляў падзеі, апісаныя ў пратаколе, — суд прызначыў яму трое сутак арышту, якія на момант разгляду ўжо скончыліся. 

"Я расказаў усё, як было, што ніякага скандалу мы не ладзілі. І час у пратаколе не супадаў з тым, што казаў на судзе сведка. Не ведаю, шанцаванне гэта ці не, што мяне проста так затрымалі, але, з іншага боку, не далі 30 сутак, як маглі б, а толькі трое", — суцешана кажа Іван.

Агулам малады чалавек правёў на Акрэсціна шэсць дзён.

Дарэчы, у Беларусі ўжо былі выпадкі, калі людзей судзілі за бел-чырвона-белую пасцілу ў руках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі