На месцы, дзе знайшлі парэшткі вязняў Брэсцкага гета, зробяць зялёную зону

13/03/2019 - 16:08

На месцы, дзе знайшлі парэшткі вязняў Брэсцкага гета, зробяць зялёную зону і ўсталююць мемарыяльную пліту. Пра такія планы заявіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук на прэс-канферэнцыі 13 сакавіка, інфармуе TUT.by.

Раней там меркавалася пабудаваць элітнае жытло — "Прыбужскі квартал". Аднак падчас будаўніцтва былі выяўленыя пахаванні вязняў брэсцкага гета часоў Другой сусветнай вайны. Паводле апошняй інфармацыі, пашукавікі Мінабароны дасталі з зямлі парэшткі 980 чалавек.

Рагачук распавёў, што ў праекце "Прыбужскага квартала" першапачаткова не прадугледжвалася будаўніцтва ў месцы масавага расстрэлу. Ад края падмурка да пахавання — пяць метраў. "Месца пахавання падпадала пад добраўпарадкаванне тэрыторыі", — патлумачыў чыноўнік.

Пасля таго, як усе парэшткі дастануць з зямлі, іх плануецца перапахаваць, а на месцы расстрэлу абсталяваць зялёную зону, а таксама ўсталяваць памятны знак.

"У рэшце рэшт, там кроў людзей засталася, таму не павінна быць ніякіх парковак ці нават гульнявых пляцовак", — дадаў Рагачук. Ён падкрэсліў, што гэтае рашэнне было ўзгодненае з прадстаўнікамі гарадскіх іўдзейскіх суполак.

Кіраўнік Брэста заявіў, што інвестыцыйная дамова з забудоўшчыкам можа быць скасаваная па прычынах, не звязаных з выяўленнем парэшткаў. Прэтэнзіі тычацца ўкладання інвестыцый згодна з заяўленым графікам. Калі дамову скасуюць, забудоўшчык пазбавіцца дзяржаўных прэферэнцый. Тады пляцоўка зноў адыдзе да горада, і яе могуць паўторна выставіць на продаж. Аднак у кожным разе інвестар — новы ці стары — будзе абавязаны ўвекавечыць памяць ахвяр гета.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі