На Магілёўшчыне затрымалі распаўсюдніка наркотыкаў, які зрабіў 4800 "закладак"

06/09/2017 - 09:15

Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў буйным памеры. Падазраваным па справе праходзіць 21-гадовы жыхар Віцебскай вобласці. 

Паведамляецца, што хлопец наладзіў перапіску з аператарам інтэрнэт-крамы, якая займаецца збытам наркотыкаў. Ён уладкаваўся ў краму "закладчыкам": яго задачай  было распаўсюджваць наркотыкі і псіхатропы на тэрыторыі Віцебска, Магілёва і Аршанскага раёна. Аператар паведамляў хлопцу адрас "аптовай закладкі" наркотыкаў, а той дзяліў яе на дробныя партыі. Адрасы хованак ён пераказваў аператару інтэрнэт-крамы. 

Следства выявіла больш за 4800 адрасоў, дзе хлопец рабіў "закладкі" наркотыкаў. Грошы за зробленую працу пераводзіліся на банкаўскія карткі, аформленыя на падстаўных асоб.

Закладчыка затрымалі міліцыянты на тэрыторыі Магілёўскага раёна падчас правядзення чарговай закладкі.

Падчас агляду месцаў "закладак" праваахоўнікі знайшлі 6,599 грама парашкападобнага рэчыва, у складзе якога быў какаін.

Цяпер праваахоўнікі высвятляюць усіх асобаў, якія маюць дачыненне да гэтага злачынства. Абвінавачанага ўзялі пад варту. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі