Аўтамабіль без кіроўцы ў Віцебску насмерць збіў пенсіянерку

18/05/2017 - 14:02

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці расследуе крымінальную справу пра ДТЗ на вуліцы Гогаля ў Віцебску, падчас якога загінула пенсіянерка. 

Як паведамляюць праваахоўнікі, 13 траўня віцяблянка прыехала на працу на аўтамабілі Toyota Auris і прыпаркавала яго на краі праезнай часткі каля дома №12 па вуліцы Гогаля. Каля 14.30 аўтамабіль сам паехаў заднім ходам і наехаў на 69-гадовую жанчыну-пешахода. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелая памерла на месцы.

На 36-гадовую ўладальніцу аўто пачалі крымінальную справу. Яе падазраюць у парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.

Следчыя агледзелі месца здарэння, прызначылі судова-медыцынскую, аўтатэхнічную, трасалагічныя і судова-біялагічныя экспертызы. Акрамя таго, праводзяцца допыты падазраванай і сведкаў, высвятляюцца абставіны дарожна-транспартнага здарэння.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі