На 14 сутак арыштавалі адваката Уладзіміра Ангельскага

02/09/2022 - 12:57

Адваката Уладзіміра Ангельскага асудзілі на 14 сутак арышту. Такі вырак вынес суд Маскоўскага раёна Мінска, перадаюць праваабаронцы "Вясны".

Ангельскага затрымалі ў Мінску яшчэ 31 жніўня. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Суддзя Юрый Машкетаў пачаў разгляд справы яшчэ ўчора, 1 верасня. На судзе дапыталі і сведку-міліцыянта, які блытаўся ў паказаннях.

Ангельскі — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Перад тым ён працаваў у адвакацкім бюро "РЕВЕРА", а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро "Брагінец і Партнёры". Цяпер адвакат Віталь Брагінец знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітвязнем.

За апошні час гэта не адзінкавае затрыманне адваката. 1 верасня стала вядома пра затрыманне гродзенскай адвакаткі Юліі Юргілевіч, якая раней абараняла палітвязняў Алеся Пушкіна, Ігара Банцара ды іншых. Дома ў яе адбыўся ператрус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі