МЗС: На мяжы з Літвой быў беспілотнік, які не парушаў паветранай прасторы

12/08/2016 - 17:27

На мяжы з Літвой быў беларускі беспілотнік, які не парушаў паветранай прасторы суседняй дзяржавы. Такую заяву зрабіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Паводле інфармацыі ведамства, атрыманай у Дзяржаўным памежным камітэце, 11 жніўня на беларуска-літоўскай мяжы ў паветры знаходзіўся квадракоптэр “Фантом 3”, які ажыццяўляў аэраздымку для фільма-прэзентацыі абноўленага памежнага пераходу “Прывалка”.

“Пры гэтым беларускім беспілотным лятальным апаратам не было дапушчана парушэнняў паветранай прасторы Літвы. Пра гэта адзназначна сведчыць як відэазапіс, так і аўтаматычна захаваныя апаратам GPS-логі палёта, якія мы гатовыя падаць літоўскім калегам”, — гаворыцца ў заяве прэс-сактарара МЗС.

У прэс-службе таксама падкрэсліваюць, што ўсе неабходныя тлумачэнні па гэтым пытанні маглі быць атрыманыя літоўскім бокам праз спецыяльна заснаваны механізм памежных упаўнаважаных дзвюх краін, а “вывад пытання на ўзровень знешнепалітычных ведамстваў толькі зацягвае працэдуру атрымання інфармацыі і дае нагоду для беспадстаўных спекуляцыяў на адчувальную тэму бяспекі межаў і паветранай прасторы”.

Нагадаем, што сёння МЗС Літвы ўручыў ноту часовай паверанай у справах амбасады Беларусі Людміле Татарыновіч. Нагодай для гэтага стаў інцыдэнт у паветранай прасторы, які нібыта зафіксаваны літоўскія назіральныя службы. Па іх інфармацыі, невядомае паветранае судна з беларускага боку зайшло ў літоўскую паветраную прастору на 10 хвілінаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі