Мы цяпер — на Еўрарадыё.бел і Еврорадио.бел

01/10/2015 - 17:08

У Беларусі 1 кастрычніка пачалася свабодная рэгістрацыя даменаў "БЕЛ". За дзень беларусы зарэгістравалі больш за 7 тысяч даменаў. Еўрарадыё таксама набыла сабе адрасы ў новай кірылічнай зоне. Цяпер распавесці адрас нашай старонкі ў інтэрнэце вашым сябрам ці знаёмым стала вельмі проста: Еўрарадыё.бел ці Еврорадио.бел — як чуецца так і пішацца.

Да сённяшняга дня дамены БЕЛ прадавалі праз дабрачынныя аўкцыёны. Самы дарагі дамен авто.бел быў прададзены за 21 тысячу долараў, реклама.бел купілі за 15 тысяч долараў.

Агулам на аўкцыёны было выстаўлена каля 2 тысяч "прыгожых" даменаў БЕЛ. За іх кошт атрымалася сабраць 3,6 млрд рублёў, якія пайшлі ў 14 дзіцячых дамоў у Беларусі.

Каб пазбегнуць масавай рэгістрацыі даменаў адной асобай, пасля рэгістрацыі пяці даменаў наступае перапынак, калі дамены рэгістраваць нельга. Для тых, хто рэгіструе 10 і болей даменаў, гэты перапынак павялічваецца. За кошт такіх інтэрвалаў адзін чалавек не можа адразу зарэгістраваць шмат даменаў.

Але ў зоне "by" ёсць фізічныя асобы, якія маюць сотні даменаў. У аднаго чалавека нават больш за 800 даменаў "by". Не выключана, што такое можа быць і ў новай даменнай зоне. Дарэчы, фірмам — рэгістратарам даменаў забаранілі рэгістраваць дамены на сябе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі