МВФ прагназуе рост дзяржаўнага доўгу Беларусі

15/11/2018 - 18:51
Кіраўнік місіі МВФ Жак Міньян, фота: Еўрарадыё

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду мяркуюць, што дзяржаўны доўг Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе расці. "Чакаецца, што дзяржаўны доўг, уключаючы гарантыі, значна ўзрасце і стабілізуецца на ўзроўні крыху менш за 60% ВУП у сярэднетэрміновай перспектыве", — паведамляецца ў заяве па завяршэнні місіі супрацоўнікаў МВФ 2018 года ў Беларусі.


На сённяшні дзень МВФ ацэньвае дзяржаўны доўг Беларусі ў 52% ВУП. Згодна з методыкай фонду, сума дзярждоўгу ўключае ў сябе таксама дзяржаўныя гарантыі.


Беларускі ўрад запланаваў у 2019-2020 гадах пагашэнне дзяржаўнага доўгу праз незвязанае фінансаванне і паставіў задачу "кіравання дзярждоўгам з мэтай яго зніжэння". Пры гэтым індыкатарам выканання гэтай задачы называецца "забеспячэнне ўзроўню дзярждоўгу да канца 2020 года не больш за 45% ВУП".


"Дзярждоўг будзе расці, таму што яго значная частка — гэта доўг у замежнай валюце, які успрымальны да ўзроўню абменнага курсу, — растлумачыў пазіцыю экспертаў МВФ кіраўнік місіі Жак Міньян. — Каб спыніць рост дзяржаўнага доўгу і давесці яго ў сярэднетэрміновай перспектыве да 50% ВУП, неабходная карэкціроўка [рэспубліканскага] бюджэту ў памеры 2% ВУП на працягу двух-трох гадоў".
У МВФ лічаць, што прыярытэт павінен аддавацца таму, каб скарачаць трансферты з бюджэту, якія прадстаўляюцца слабым дзяржаўным прадпрыемствам. На думку Жака Міньяна, гэта дазволіла б павысіць дысцыпліну, узмацніць і ўмацаваць так званыя бюджэтныя абмежаванні.
"У гэтым годзе мы назіраем зніжэнне памераў такіх трансфертаў, — дадаў кіраўнік місіі МВФ. — Было б добра, калі б гэтая тэндэнцыя прыняла больш устойлівую і доўгатэрміновую форму".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі