Музыку Дзмітрыя Шыманскага асудзілі на "хімію" за пратэсты жніўня 2020 года

29/10/2021 - 15:24

Музыку Дзмтрыя Шыманскага асудзілі на тры гады "хіміі" (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) за ўдзел у пратэстах жніўня 2020-га — за гранне на дудзе на маршы. Як паведамляюць правабаронцы, прысуд быў агучаны 29 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна Мінска (суддзя — Алег Каляда). Шыманскага вызвалілі з-пад варты.

Дзмітрый Шыманскі быў затрыманы ў пачатку жніўня 2021-га разам з музыкамі Irdorath. Яго вінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак", а таксама ў "навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях". Яшчэ ў канцы лета Шыманскі быў прызнаны палітвязнем.

Дзмітрыя Шыманскага прызналі вінаватым у тым, што 16 жніўня 2020 года падчас вулічнай акцыі ён разам з іншымі асобамі на вуліцы Леніна "рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лозунгі, перакрываў праезную частку і адмаўляўся яе пакінуць, гучна пляскаў рукамі...". А яшчэ музыка "знаходзячыся сярод натоўпу, граў сумесна з іншымі музыкамі на інструментах, выконваў музычную кампазіцыю, падобную з песняй "Перамен" гурта "Кіно" на словы Віктара Цоя".

Яшчэ пяцёра палітвязняў-музыкаў гурта Irdorath застаюцца ў СІЗА № 1. Надзеі Калач, Уладзіміру Калачу, Антону Шніпу, Юліі Марчанка і Пятру Марчанку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Ім інкрымінуюць да чатырох эпізодаў удзелу ў "дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі