"Мова не загіне": як цяпер ідуць справы з наборам у беларускамоўныя класы

28/07/2021 - 15:21
Ісці ў беларускамоўную школу ці ў рускамоўную — вось у чым пытанне / Еўрарадыё

Не за гарамі пачатак навучальнага года, а гэта значыць, што перад бацькамі першаклашак паўстане пытанне пра тое, на якой мове будзе вучыцца іх дзіця — на беларускай або на рускай?

Еўрарадыё пацікавілася ў дырэктаркі мінскай школы, у якой ёсць беларускамоўныя класы: ці шмат ахвотных вывучаць школьную праграму на роднай мове?

— Паток ахвотных ідзе гэтаксама, як і раней. Я працавала і летась у гэты ж час, і цяпер назіраю такую самую карціну, — расказвае дырэктарка школы. — Нядаўна, напрыклад, патэлефанавалі бацькі з Лепеля, сказалі, што спазняюцца, але таксама прасіліся ў клас з беларускай мовай навучання.

У нас у школе можна выбіраць мову навучання. На паралель першых класаў прыпадаюць два класы з рускай мовай навучання і адзін з беларускай. Цяпер і ў рускі і ў беларускі класы набор выкананы на 50 адсоткаў.

У якой школе вучыцца будзеш, малы? / Еўрарадыё

Аказваецца, што далёка не ўсе школьнікі, якія навучаліся на беларускай мове, давучваюцца да 11 класа ў беларускамоўнай школе.

— У пачатковай школе напаўняльнасць класаў з беларускай мовай навучання значна вышэйшая, — працягвае кіраўніца школы. — Але, на жаль, беларускамоўныя класы "да фінішу" даходзяць не з такой напаўняльнасцю. У далейшым колькасць такіх вучняў натуральным чынам паніжаецца: міграцыя, ад'езд, людзі атрымліваюць кватэры і гэтак далей. Таксама ў дзявятым класе большасць навучэнцаў з беларускіх класаў паступаюць. Але ў нас дзеці могуць пайсці на трэцюю ступень, напрыклад, у дзявятую [беларускамоўную. — Еўрарадыё] гімназію. Я пераводзіла дзяцей у дзясяты клас гімназіі, таму што ў нас адкрыць дзясяты беларускамоўны клас я не магла з прычыны ненапаўняльнасці.

Сёлета ў першы клас з беларускай мовай я планую набраць 28 чалавек. А як там пойдзе набор — будзем бачыць у канцы жніўня.

Няма падзелу на "рускіх" і "беларускіх"

Па словах дырэктаркі, у беларускамоўны першы клас яшчэ трэба будзе набраць палову навучэнцаў, у той час як адзін рускамоўны клас ужо ўкамплектаваны і яшчэ засталося запоўніць навучэнцамі палову другога "рускага" класа.

— У нас двухмоўе, хоць раней школа адкрывалася як чыста беларускамоўная. Цяпер мы маем магчымасць стварыць беларускамоўнае асяроддзе. Напрыклад, інфармацыйны і афармленчы складнікі школы ў нас на беларускай. Але мы не дзелім з азвярэннем на "рускіх" і "беларускіх".

Бацькі бываюць розныя

"Хачу размаўляць і вучыцца па-беларуску!" / Еўрарадыё

Матывацыя аддаць дзіця ў беларускамоўны клас у асноўным зразумелая: не забыцца і не страціць сваё.

— Ёсць такія бацькі, якія дома пастаянна размаўляюць на беларускай мове. Яны "беларускасць" падтрымліваюць. У нас вучыцца хлопчык, які размаўляе на беларускай так добра, што мне часам няёмка, калі размаўляю з ім, — настолькі ў дзіцяці прыгожае і літаратурнае маўленне. Проста ёсць бацькі, якія гэта вельмі шануюць. Я вам скажу адно: былі, ёсць і будуць людзі, якія панясуць нашу родную мову. І не трэба з гэтага рабіць нейкага феерверка. Мова не загіне, гэта я вам адназначна кажу.

На думку педагога, праблема не ў колькасці школ, у якіх выкладаюць на той ці іншай мове.

— Самае складанае тое, што няма асяроддзя зносін. Ёсць бацькі, якія кажуць: а чаму мы ў пачатковай школе ўсе прадметы бяром на беларускай мове? Я кажу: дык а дзе ж мы з вамі лексіку сфармуем, калі мы будзем урыўкамі нешта дзесьці браць? Бо на самай справе не столькі важна, рускамоўная школа або беларускамоўная, усё залежыць ад стварэння асяроддзя. Павінна быць больш душы і зацікаўленасці. Дзе ў асноўным ідзе папаўненне слоўніка? У асноўным гэта пазакласная праца: тэатры, музеі, тэлебачанне і гэтак далей.

У мінскай школе №60, дзе ўсе "А"-класы беларускамоўныя, не адчуваюць праблем з наборам дзяцей.

— Бацькі хочуць ведаць сваю мову і хочуць, каб іх дзеці ведалі сваю мову, — кажа дырэктарка школы Ліліяна Бубен. — У нас няма праблем па наборы ў беларускамоўныя класы, летась набор туды быў нават большы, чым у рускамоўныя. На сённяшні дзень 1-ы "А" клас, у прынцыпе, ужо набраны. Да нас ідуць дзеці не толькі з нашага, але і з іншых мікрараёнаў. Вядома, колькасць дзяцей, якія пераходзяць у 11-ы беларускамоўны клас, памяншаецца. У асноўным таму, што пасля дзявятага яны паступаюць у розныя навучальныя ўстановы.

Па словах Ліліяны Бубен, праблемы з навучаннем у беларускамоўных класах узнікаюць толькі тады, калі ў дзіцяці ёсць лагапедычныя праблемы.

На сённяшні дзень у Беларусі пераважная большасць беларускамоўных школ знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Беларускамоўных сельскіх школ пакуль што шмат — але вучняў там нашмат менш, чым у рускамоўных гарадскіх, таму пра татальную "беларусізацыю" сістэмы адукацыі гаварыць яшчэ рана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі