Мінскіх кіроўцаў, якія перасядуць на ровары, адораць садавіной

17/09/2016 - 17:30

Мінскіх кіроўцаў, якія 22 верасня перасядуць на ровары, адораць садавіной. Такую акцыю плануе ДАІ Фрунзенскага раёна з нагоды глабальнага “Дня без аўтамабіля!”

Як паведамляе БЕЛТА, першым 10 аўтаўладальнікам, якія ў наступны чацвер з 10.30 па 11.00 прыедуць на ровары да цэнтральнага ўваходу ў гіпермаркет “Карона” на Кальварыйскай, 24 і спыняцца на велапаркоўцы, уручаць у якасці падарунка фруктовы набор. Пры гэтым трэба будзе паказаць пасведчанне кіроўцы і тэхпашпарт на аўто.

Адмова ад выкарыстання асабістых і карпаратыўных аўтамабіляў паспрыяе паляпшэнню гарадской экалогіі і дарожнай сітуацыі, а садавіна ў падарунак будзе дадатковым стымулам для кіроўцаў, мяркуюць у Фрунзенскай ДАІ.

Традыцыю ладзіць Дзень без аўтамабіля запачаткавалі ў Францыі 22 верасня 1997 года, а затым ініцыятыву падтрымалі іншыя еўрапейскія краіны. Беларусь далучылася да гэтай ініцыятывы 22 верасня. Мэта мерапрыемства —  звярнуць увагу грамадскасці на экалагічныя праблемы гарадоў, у тым ліку якасць атмасфернага паветра.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі