Жылы комплекс “Лазурыт” на скрыжаванні мінскіх праспекта Пераможцаў і вуліцы Нарачанскай “дарос” да 37-га паверху. Гэта рэкорд Беларусі — больш паверхаў на дадзены момант няма ні ў адным будынку ў краіне.
Дагэтуль лідарства трымаў жылы комплекс “Парус” — 34 паверхі. Фармальна менавіта ён і застаецца самым шматпавярховым, бо, як распавялі Еўрарадыё ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, увесці "Лазурыт" у эксплуатацыю плануецца толькі ў верасні 2020 года.
“Вышыня жылых паверхаў з улікам пентхаўсаў складзе 115 метраў, а агульная — 127”, — дадалі ва УКС Мінгарвыканкама.
Пры гэтым “Лазурыт” не стане самым высокім будынкам Беларусі. Еўрарадыё склала топ-5 хмарачосаў, якія падпіраюць неба над нашай краінай.
“Парус” пабудаваны ў 2015 годзе. У жылым комплексе 34 паверхі, а яго вышыня складае 133 метры — з улікам тэхнічных надбудоваў на даху і шпіля. Без шпіля — 114 метраў.
Бізнэс-цэнтр каля станцыі мятро “Няміга” пабудаваны ў 2014 годзе. У ім 33 паверхі. Вышыня будынку складае 130 метраў са шпілем ці 116 метраў без яго. Дарэчы, менавіта на перадапошнім паверху “Плазы” знаходзіцца рэстаран, з вокнаў якога адкрываецца самы высокі від на ўвесь горад.
Навічок рэйтынгу, найвышэйшая кропка якога будзе знаходзіцца ў 127 метрах над зямлёй. І гэта трэцяе месца. Але, калі лічыць вышыню даху, дык атрымаецца 115 метраў. Гэта на метр вышэй за “Парус” і на метр ніжэй за “Плазу”, але дазваляе прызнаць дах “Лазурыта” самым высокім сярод жылых дамоў Беларусі.
Адразу тры будынкі крыху не дацягваюць да стометровай вышыні. Першы, савецкі хмарачос каля станцыі метро “Фрунзенская”, атрымаў назву ўжо ў наш час, па рэкламным банеры на самым версе. “Белхард” быў самым высокім будынкам у Беларусі да 2008 года.
“Славянскі квартал” і “Ля Траецкага” — адносна новыя жылыя комплексы, пабудаваныя ў раёне станцыі метро “Няміга”.
Замыкаюць спіс лідараў два будынкі, вышэйшыя за 80 метраў. Гатэль пабудаваны яшчэ ў 1989 годзе і мае на даху аглядную пляцоўку з добрым відам на горад. Што тычыцца “Футурыса”, ён месціцца ля мінскай кальцавой і яшчэ не здадзены ў эксплуатацыю, таксама як і “Лазурыт”. Плануецца, што першыя кампаніі заселяцца ў бізнес-цэнтр у наступным годзе.
На гэты момант у Мінску існуе больш за сто будынкаў, якія маюць больш чым па дваццаць паверхаў.