Мінскага адваката Ганну Бахціну пазбавілі ліцэнзіі

12/09/2017 - 17:25

Мінскага адваката Ганну Бахціну пазбавілі ліцэнзіі. Яна не прайшла пазачарговую пераатэстацыю, якую праводзіць Міністэрства юстыцыі. Агулам правяраюцца 21 чалавек з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Кваліфікацыйная камісія Мінюста вынесла заключэнне, што Бахціна, якая мае 38-гадовы юрыдычны стаж, “не можа працаваць на пасадзе адваката ў сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй”.

У каментары сайту spring96.org Бахціна распавяла, што на атэстацыю яна пайшла першая. Сама працэдура праходзіла “у непрыязнай атмасферы” і працягвалася дзве з паловай гадзіны, кажа яна. “Я не згаджалася, даказвала, дзе яны не маюць рацыі ў даведцы, казала пра тое, што інструкцыі не маюць прычыннай сувязі з магчымасцю ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці… Пасля гэтага мне, як студэнтцы на іспыце, сталі задаваць пытанні па галінах права”, — распавяла Ганна Бахціна. Паводле яе слоў, апытанне не спынялі нават тады, калі ў яе павысіўся артэрыяльны ціск і ёй давялося прымаць лекі.

Бахціна называе дзеянні чыноўнікаў “замовай” пэўных ведамстваў. “Я лічу сябе прафесіяналам, зыходзячы з вынікаў сваёй працы і таго, як я яе рабіла”, — заявіла яна. Адвакат збіраецца абскардзіць рашэнне Мінюста.

Сёлета Ганна Бахціна абараняла Міраслава Лазоўскага, аднаго з фігурантаў гучнай справы аб “Белым легіёне” (яна яшчэ не спынена). Раней яна была адвакатам Ірыны Халіп, Эдуарда Пальчыса, Эніры Браніцкай.  

Адзначым, што на 16 верасня прыпадае 25-годдзе працы Ганны Бахціной у адвакатуры.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі