Мінск — Альманы: як мы сабралі 20 мяшкоў смецця з "лёгкіх Еўропы"

18/12/2019 - 09:58
Альманскія балоты / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Беларускія балоты называюць лёгкімі Еўропы, а Альманы — ледзь не самыя запаведныя балоты ў Беларусі. Праўда, не ўсе імкнуцца захаваць іх такімі: кожнае лета сюды, на беларуска-ўкраінскую мяжу, прыязджаюць сотні зборшчыкаў чарніц і журавін. Проста на балоце яны разбіваюць нелегальныя лагеры, у якіх жывуць увесь ягадны сезон. І пакідаюць пасля сябе горы смецця.

Некаторыя ягаднікі ўпэўненыя ў тым, што вернуцца сюды налета. Абутак, палаткі і доўгайграючыя кансервы яны хаваюць проста на балоце. Леснікі знаходзяць тут нават магнітафоны і разбітыя тэлевізары. А восенню і ранняй зімой эколагі возяць на Альманы валанцёраў, якія прыбіраюць смецце з нелегальных стаянак. Чысцяць, стала быць, лёгкія. Мы запісаліся ў адну з такіх груп і з'ездзілі паглядзець, што засталося пасля людзей на балоце.

Жыццё на краі варонкі

Рана раніцай мы выязджаем з Турава ў бок Альманскіх балот. Дарога да Палескага лясгаса займае каля гадзіны. У дарозе мяне ахоплівае дзіўнае хваляванне. Такое пачуццё бывае ад прадчування першай сустрэчы з морам ці калі стаіш каля падножжа высокай гары, на якую табе трэба будзе падняцца. Але ў Беларусі няма ні мора, ні высокіх гор. Затое дзясятую частку нашай краіны займаюць балоты.

 

У лясніцтве галава пачынае круціцца ад свежага паветра і паху багуну. Яго тут поўна! Мы — група эколагаў і валанцёраў, якія прыехалі паглядзець на балоты і ачысціць ад смецця пару нелегальных стаянак, — разбіраем пальчаткі, пакеты для смецця і рыдлёўкі, дзелімся на групы і перасаджваемся ў машыны.

Наш кіроўца — пазаштатны палявы супрацоўнік "Ахова птушак Бацькаўшчыны" спецыяліст праекта "Палессе — дзікая прырода без межаў" Максім Бялоцкі — праграміст, які жыве ў Лельчыцах. Два гады хлопец працаваў у Маскве, але потым вырашыў вярнуцца на радзіму.

— Я займаўся турызмам і цяпер магу сумяшчаць захапленне з чымсьці карысным, — проста тлумачыць ён. — У АПБ мяне запрасілі працаваць спецыялістам па сувязях з грамадскасцю, але неяк раз адзін наш супрацоўнік павадзіў мяне па слядах ваўка, і я зразумеў, што не хачу сядзець у офісе. Мне падабаецца працаваць у полі. 

Па складанай гліністай дарозе Максім прывозіць нас да першай нелегальнай стаянкі ягаднікаў. Яна размясцілася проста на "беразе" вялізнай варонкі з вадой. Такіх варонак тут шмат — гэта сляды ад выбухаў. З 1962 да 2008 года Альманскія балоты былі часткай Мерлінскага авіяцыйнага палігона, тут праходзіла адпрацоўка бомбакідання. У навакольных вёсках ходзяць чуткі, быццам узровень радыяцыі на балотах павысіўся задоўга да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ягаднікі любяць размяшчаць свае стаянкі побач з варонкамі, таму што ў іх ёсць прэсная вада. Яе можна піць (хоць прысмак у яе своеасаблівы, усё-такі мы на балоце), у ёй можна купацца. На гэтай стаянцы мы бачым каркас будана, рэшткі ежы, смецце. На суку вісяць чыесьці штаны.

— Летась, калі я толькі далучыўся да праекта і заўважыў першую нелегальную стаянку ягаднікаў, люта абурыўся, — успамінае Максім. — Яна знаходзілася ў Лельчыцкім раёне, адкуль я родам. Гнілыя спальнікі, боты, жратва... Сёлета стаянак такога маштабу ўжо няма. Можа быць, таму што людзі вярнуліся і засмуціліся, убачыўшы, што мы там усё прыбралі. Дзесяць чалавек збіралі смецце, патрацілі цэлы дзень. У гэтым сезоне ягаднікі разбрыліся па балотах. Але нават калі скласці разам усе выяўленыя намі стаянкі, смецця будзе значна больш, чым на той адной.

На наступнай стаянцы побач з буданом, накрытым шчыльным чорным поліэтыленам, раскіданыя закаткі, агародніна, загнілы абутак, бляшанкі ад тушонкі, пакецікі ад "Мівіны". І вядома, куча бутэлек. Побач — след ад вогнішча. Адышоўшы ад яго метраў на пяць і зрабіўшы круг, знаходзім яшчэ больш бутэлек.

Фота стаянкі / "АПБ"

У некаторыя ствалы дрэў убітыя ржавыя цвікі. Леснікі, якія далучыліся да нашай прыборкі, тлумачаць: каб зразумець, якую шкоду ржа наносіць дрэвам, чалавеку трэба ўявіць, што ў яго трапіў асколак снарада. З цяжкасцю выцягваю са ствала цвік, якім быў прыбіты ўмывальнік з пластыкавай бутэлькі — па ствале цячэ кропля смалы, дрэва плача.

Украінскі след

На прыборку гэтай стаянкі нашай групе і леснікам спатрэбілася амаль дзве гадзіны. Пакуль іншыя валанцёры цягаюць да машын смецце, я, Максім і біёлаг Дзяніс закопваем глыбокую яму, з якой ягаднікі бралі ваду. Рыдлёўка Дзяніса натыкаецца на нешта шчыльнае. Ён выцягвае з пяску пакет, а ў ім — дзве палаткі, спальнік, турыстычныя дыванкі, слоік тлушчу і куча лекаў! На пачку з запалкамі напісана "Сірники".

— Мясцовым жыхарам няма сэнсу разбіваць тут лагеры, — тлумачыць Максім. — Яны могуць прыехаць, сабраць журавіны і паехаць дадому. Стаяць падоўгу ў асноўным украінцы.

 

Для многіх жыхароў прымежных украінскіх вёсак збор журавін — ледзь не адзіны спосаб заробку яшчэ з часоў СССР, калі яны маглі знаходзіцца ў Беларусі колькі заўгодна. Сёння, каб атрымаць дазвол на ўезд у заказнік, яны павінны заплаціць пошліну — каля 100 долараў. Ездзіць туды-сюды затратна, вось яны і разбіваюць лагеры проста на балотах.

У АПБ кажуць, што скупшчыкі ягад ведаюць пра некаторыя стаянкі і купляюць журавіны проста ў месцах збору. На радыяцыю ягады пры гэтым наўрад ці правяраюць усе. 

За парушэнне рэжыму аховы і выкарыстання заказнікаў ёсць артыкул 15.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, па якім можна атрымаць ад 4 да 35 базавых велічынь штрафу. Арганізацыя лагераў і стаянак, забруджванне тэрыторыі, распальванне вогнішчаў — усё гэта парушэнні. Але звязвацца з ягаднікамі баяцца. А раптам тыя, каб адпомсціць, падпаляць лес?

Леснікі, зрэшты, расказваюць, што сябруюць з украінскімі зборшчыкамі журавін.

— Яны нам нават пажары дапамагалі тушыць, — успамінае ляснік Мікалай.Асноўная праблема гэта не нелегальныя стаянкі, а якраз пажары. Вось што сапраўды страшна.

Праўда, ляснік тут жа прызнаецца, што не можа пракантраляваць, каб у лагерах не пакідалі смецце.

— За лета-восень 2019 года нашу мяжу з боку Украіны з мэтай збору журавін перасякалі 30 тысяч разоў. Гэта прыблізна 800 чалавек. Як тут усіх пракантралюеш?

 

 

Ляснік Уладзімір і ляснік Мікалай / Еўрарадыё
Ляснік Уладзімір працуе на Альманах 19 гадоў

Між тым, па звестках АПБ, пік пажараў на Альманах штогод супадае з наплывам людзей у перыяд збору журавін. Але на маю заўвагу ляснік толькі ўсміхаецца і махае рукой.

З усіх стаянак, на якіх мы былі, атрымалася сабраць 20 вялікіх мяшкоў смецця: пластык, адзенне, лекі, кансервы, палаткі, спальнікі, дэталі ад ровараў і матацыклаў. Ніхто не пашкадаваў пра патрачаны дзень. Паралельна прыборцы хтосьці знайшоў пяро рэдкай птушкі, хтосьці прайшоў свае 15 тысяч запланаваных на дзень крокаў.

 

 

Валанцёры дамовіліся паведамляць адно аднаму аб падобных маршрутах. А перад самым ад'ездам ляснік Мікалай правёў мяне крыху па балотах і паказаў, як растуць журавіны. Пераступаючы з купіны на купіну, ён раптам прысеў і разблытаў рукамі мох, з глыбіні якога паказалася некалькі спелых чырвоных ягад.

Як вырашыць праблему нелегальных стаянак

У АПБ лічаць, што, раз стаянкі на Альманах немагчыма перамагчы, іх неабходна ўладкаваць у спецыяльна адведзеных месцах. На жаль, пакуль што такіх няшмат.

Як правільна адзявацца на балоце

Арганізатар паездкі спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях Максім Нямчынаў кажа, што галоўнае падчас паездкі не замерзнуць і не падхапіць кляшчоў. Адзенне павінна быць зручным і цёплым, штаны лепш убіраць у гумовыя боты, добра мець з сабой цёплыя шкарпэткі, зменны абутак і гэтак далей. Выконваць гэтыя правілы важна, таму што потым праблема аднаго чалавека становіцца агульнай. На шчасце, у нас усё прайшло без касякоў.  

 

Хто тыя валанцёры, якія ездзяць прыбіраць Альманскія балоты

Акрамя журналістаў, у нашай кампаніі апынуліся студэнты, якія спадзяваліся ўбачыць на Альманах рэдкіх птушак, інжынеры, біёлагі, хімікі і нават хлопец, які назваў сябе "звычайным офісным планктонам". Суровы барадаты мужчына па імені Мікалай расказаў, што пабываў на ўсіх беларускіх балотах і захацеў убачыць яшчэ і Альманы. Дарэчы, у яго быў самы вялікі заплечнік, над якім некаторыя па-добраму пасмейваліся. Бо нам абяцалі начлег у гатэлі і харчаванне. Але Мікалай растлумачыў, што заўсёды бярэ з сабой палатку, спальнік, цёплую вопратку і запас ежы на выпадак непрадбачаных абставін:

— Неяк раз нас папярэдзілі, што начаваць на вуліцы не прыйдзецца і палаткі можна не браць. У выніку начавалі ў спартыўнай зале адной са школ. Людзі, у якіх не было спальнікаў, змерзлі.

Але ў нас гісторыя не паўтарылася.

 

 

 

Што паглядзець па дарозе на Альманы

Мы зрабілі прамежкавы прыпынак у Тураве. Ад Мінска да гэтага палескага горада — чатыры гадзiны язды.

Каля ўвахода ў гатэль "Тураў" вясёлы дзед, які прадставіўся Міхаілам, расказвае мне, што помнік куліку-марадунцы, які стаіць непадалёк, гораду падарылі галандцы. На самай справе — не, але слухаць было цікава.

 

 

— Яны ўвесь час да нас прыязджаюць і ўсюды шукаюць кулікоў, вельмі ж прыгожыя, — нахвальвае замежнікаў Міхаіл. — А ў траўні ў Тураве адзначаюць Дзень куліка, дык тут усе на галовах ходзяць. Вы да нас у траўні прыязджайце, калі цёпла, а то панаехалі. Нават птушкі на поўдзень адлятаюць у гэты холад, а вы да нас. Эх!..

За экскурсію дзед просіць 80 капеек. Аптэка, маўляў, зачыняецца. А мы, павячэраўшы, адправіліся на мясцовыя могілкі, дзе знайшлі тыя самыя крыжы, якія растуць з зямлі і валодаюць гаючай сілай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі