Міністр Караеў адмяніў праверку міліцыянтаў на паліграфе, уведзеную Шуневічам

06/09/2019 - 07:27

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў адмяніў татальную праверку міліцыянтаў на паліграфе, якую ўвёў яго папярэднік Ігар Шуневіч. Пра гэта кіраўнік МУС паведаміў у праграме "Размова ў прэзідэнта", якая выйшла на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 5 верасня.

Па словах Караева, міліцыянты (а найперш супрацоўнікі ДАІ) скардзіліся на недасканаласць працэдуры: "Яны мне сваё бачанне распавядалі, у тым ліку, што не зусім дасканалая гэтая сістэма, калі толькі такое паліграфічнае даследаванне закрывае чалавеку дарогу для працягу службы".

Міністр падкрэсліў, што адмяніў менавіта пагалоўную праверку на "дэтэктары хлусні", бо існуе вялікая доля хібнасці. "Чалавек можа проста хвалявацца, не вытрымліваць доўга замкнёнай прасторы, шмат у каго вельмі развітае ўяўленне і яны "нацягваюць" на сябе тое, чаго і не рабілі, але чаму былі сведкамі ці былі ў памежнай сітуацыі", — удакладніў ён.

Караеў лічыць, што непасрэдны начальнік або калегі больш правільна ацэняць міліцыянта, чым "чужы дзядзька-паліграфіст, які ставіцца загадзя з прадузятасцю і спрабуе ў чымсьці выкрыць".

Аднак міліцыянтаў, якія не прайшлі праверку на паліграфе, назад на службу прымаць не плануецца. 

Татальную праверку супрацоўнікаў МУС на паліграфе ўвёў папярэднік Караева на міністэрскай пасадзе Ігар Шуневіч. Гэта адбылося ў 2016 годзе пасля таго, як п'яны кіраўнік Баранавіцкай ДАІ насмерць збіў пешахода. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі