Міністр патлумачыў, чаму падае беларуская эканоміка

29/11/2016 - 09:32

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі канстатаваў, што ўрад не здолее выканаць некаторыя макраэканамічныя паказчыкі па выніках 2016 года. У прыватнасці, валавы ўнутраны прадукт упадзе больш, чым прагназавалася. Зіноўскі распавёў гэта ў адказ на пытанне Еўрарадыё ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў 29 лістапада.

"Прычыны розныя: і знешнія фактары, і ўнутраныя. Недахоп нафтавай сыравіны для перапрацоўкі прывёў да таго, што мы згубілі шэраг паказчыкаў, у тым ліку і валавы ўнутраны прадукт. Тры месяцы таму мы прагназавалі, што ён будзе 98 [працэнтаў да ўзроўня 2015 года. — Еўрарадыё]. Думаю, гэта наўрад ці адбудзецца, бо канчатковага рашэння па пастаўках нафты з Расіі няма. Сёння мы прагназуем, што [ВУП] будзе прыкладна 97,4 [працэнта да ўзроўня 2015 года. — Еўрарадыё]. Прыкладна. Нафта, нафтапрадукты маюць даволі вялікую вагу ў валавым унутраным прадукце, у мытных пошлінах і г.д. Таму вось такі прагноз: 97,4-97,5". 

Па словах Уладзіміра Зіноўскага, больш канкрэтныя прагнозы пры тым становішчы, у якім зараз знаходзяцца рынкі, рабіць складана. "Міністэрства эканомікі не належыць да ведамстваў "угадай", мы вядзем прагноз макраэканамічных паказчыкаў, грунтуючыся на прагматычных разліках", — дадаў міністр.

Год таму Міністэрства эканомікі прагназавала ў 2016 годзе рост ВУП на 0,3%. Гэта быў "базавы" сцэнар, які прадугледжваў сусветную цану на нафту ў раёне 50 долараў за барэль і курс 63 расійскіх рублі за долар. У пачатку верасня 2016 года стала ясна, што на станоўчае значэнне валавага ўнутранага прадукта сёлета разлічваць не даводзіцца. Прагноз быў скарэктаваны: Мінэканомікі запланавала падзенне ВУП на 2%.

За 9 месяцаў беларуская эканоміка "прасела" і таго больш: на 2,9%.

На наступны год чыноўнікі запланавалі рост валавага ўнутранага прадукта на 1,7%. Па словах Уладзіміра Зіноўскага, гэтае "заданне" захоўваецца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі