Мінчукі просяць пакінуць "Чалавека без твару"

31/01/2016 - 18:32

Мінчукі просяць пакінуць мурал "Чалавек без твару", які набыў шырокую вядомасць. Шмат падобных зваротаў да чыноўнікаў паступіла пасля звестак пра тое, што гэты твор могуць зафарбаваць.

Пра гэта "Мінск-навінам" распавёў намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы Ігар Жур. "Пасля таго як у СМІ напісалі, што малюнак могуць зафарбаваць, да нас паступіла вялікая колькасць зваротаў з просьбай захаваць яго. Прычым ад людзей рознага ўзросту. Літаральна на мінулым тыдні на партал "Мой Горад" 115.бел мінчук напісаў пра тое, што карціна падабаецца і яму, і яго 55-гадовай маці, і яе ні ў якім разе нельга знішчаць", — кажа чыноўнік.

"Чалавека без твару" зафарбуюць, калі аўтар не ўгаворыць мінчан

Жур дадаў, што карціна была створаная мастаком, і толькі ён можа ўнесці змены. Да таго ж, не варта забываць, што гэтая праца яшчэ не скончаная, графітыст з Грэцыі iNO з'ехаў, бо ў яго скончыўся тэрмін візы.

"Думаю, што больш разумна абмяркоўваць гэтае пытанне ў красавіку-траўні, калі ён зноў да нас прыедзе. Яму ў Мінску вельмі спадабалася, і ён выказаў жаданне яшчэ папрацаваць", — дадаў прадстаўнік раённай адміністрацыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі