Мінчукам прапаноўваюць усю ноч бясплатна глядзець серыялы ў кінатэатры

20/04/2018 - 12:25

У мультыплексе velcom cinema 11 траўня адбудзецца бясплатны паказ папулярных серыялаў. Акцыя, якую назвалі "Ноч дэгустацыі серыялаў", пройдзе ў Мінску ўпершыню. 

Падчас яе гледачам пакажуць сем першых эпізодаў сучасных амерыканскіх серыялаў, паведамляе velcom.by. Таксама наведнікам прапануюць тэматычныя закускі і бясплатныя напоі, настольныя гульні, навуковае шоў і віктарыны на веданне серыялаў.

Гледачы змогуць пазнаёміцца з наступнымі серыяламі: "Свет Дзікага Захаду", "Сапраўдны дэтэктыў", "Вялікая маленькая хлусня", "Крамянёвая даліна", "Развод", "Што ведае Алівія?", "Аднойчы ўначы".

Паміж сеансамі будуць зладжаныя невялікія перапынкі, каб гледачы маглі адпачыць, падзяліцца ўражаннямі і зрабіць сэлфі. Адну з залаў кінатэатра плануецца пераабсталяваць пад начны клуб з DJ-сэтамі і светлавым шоў.

Трапіць на "Ноч дэгустацыі серыялаў" можна толькі пасля папярэдняй рэгістрацыі. Пакінуць заяўку на ўдзел можна да 3 траўня ўключна па гэтай спасылцы.

На наступны дзень будуць разыграныя 500 запрашальнікаў. Пацверджанне шчасліўчыкам прыйдзе на пошту ў выглядзе электроннага квітка. Яго трэба будзе паказаць на ўваходзе ў кінатэатр.

"Ноч дэгустацыі серыялаў" пачнецца 11 траўня а 21-й.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі