Мінчука арыштавалі на 13 сутак — праз гэта сарвалася вяселле

16/12/2020 - 13:34
Антон Лучыновіч / фота з сацсетак

29 лістапада мінчука Антона Лучыновіча затрымалі ў раёне гатэля "Зорка". Гэта была нядзеля, у Мінску на ўсю моц праходзілі маршы суседзяў. Але мужчына кажа, што не ўдзельнічаў у акцыі. І на тое былі важкія прычыны: на 7 снежня ў яго быў намечаны роспіс у загсе, а дома яго чакала цяжарная нявеста.

— У судзе я казаў, што дзяўчына на дзявятым месяцы. Але там было абсалютна напляваць, — расказвае Еўрарадыё Антон. Суддзя Сяргей Кацэр уважліва выслухаў яго і пакараў арыштам на 13 сутак.

Фота пастановы суда / Еўрарадыё

Дату роспісу ў загсе маладыя людзі доўга пераносілі. У выніку прызначылі на снежань. Але і цяпер распісацца не судзіла доля.

— У мяне летам памёр бацька, таму перанеслі. Да нараджэння дзіцяці хацелі распісацца. Але зноў не атрымалася. Дзяўчына пакуль не нарадзіла, але цяпер ужо ў бальніцы, — працягвае хлопец.

Антон працуе менеджарам па продажы аўтазапчастак. У аўтамабілях разбіраецца нядрэнна, але не можа ўспомніць нават марку аўтобуса, у які яго запіхнулі, — так імкліва адбылося затрыманне.

Марш суседзяў 29 лістапада. Людзі ідуць каля гатэля "Зорка" на паўднёвым захадзе Мінска / Еўрарадыё

— Я ішоў у бок Маскоўскага рынку ў заакраму, хацеў купіць корм для кошкі. Каля гатэля "Зорка" спыніўся — там стаяла машына ДАІ з уключанымі пробліскавымі маячкамі. Падышоў да мужчыны гадоў шасцідзесяці, спытаўся ў яго, што адбываецца, ён мне пачаў расказваць. Тут раптам спыніўся бус, выбеглі амапаўцы. Нічога не казалі. Закруцілі рукі і павялі ў машыну.

Антон дагэтуль у здзіўленні: што справакавала сілавікоў на затрыманне?

— Ніякай сімволікі ў мяне не было — ні сцягоў, ні значкоў. Цёмна-сіняя куртка, цёмна-сінія джынсы, цёмна-сінія красоўкі. У гэтых людзей проста мозг працуе па-іншаму. Хутчэй за ўсё, я проста не спадабаўся.

Антона завезлі ў Маскоўскае РУУС, адтуль — у ізалятар на завулку Акрэсціна, пасля суда — у Жодзіна.

— Судзілі на Акрэсціна 30 лістапада па скайпе. Суддзя — Сяргей Кацэр. Сведка быў адзін, Іваноў Іван Іванавіч. Прозвішча і імя, вядома ж, змененыя. Гэты сведка на Акрэсціна быў адзін, з усіх пунктаў Мінска ён бачыў усіх затрыманых, хоць у РУУС людзей прывозілі з розных раёнаў.

На працы Антон пасля вызвалення яшчэ не быў. Але разлічвае, што праблем праз адседку ў яго не ўзнікне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі