Мінчук абліў белай фарбай суседа, які вучыў яго паркавацца па правілах (фота)

20/10/2017 - 12:43

Мінчук Аляксандр Рашчынскі пацярпеў праз сваю любоў да парадку і законапаслухмянасць, паведамляе nn.by

Рашчынскі жыве ў доме №78 па вуліцы Прытыцкага. Па яго словах, паміж 16-м і 17-м пад’ездамі дома на тратуары сталі пастаянна паркавацца машыны, так што  немагчыма было ні нармальна прайсці пешаходам, ні праехаць астатнім аўто. Асабліва, кажа мінчук, вылучаліся гаспадары мікрааўтобуса і старога "Фальксвагена". Рашчынскі спярша проста назіраў за гэтым, а потым стаў фатаграфаваць кошны факт парушэння і дасылаць здымкі ў ДАІ Фрунзенскага раёна. 

"Відаць, суседу пачалі прыходзіць штрафы, бо ў нейкі момант ён зняў са сваёй машыны нумар", — кажа мужчына.

Рашчынскі сам мае аўто і запэўнівае, што калі не проста ў двары, то побач заўжды можна знайсці месца, дзе прыпаркавацца па правілах.

А 19 кастрычніка, калі мужчына выходзіў з пад’езда, яго аблілі фарбай. Па словах Рашчынскага, гэта быў мужчына прыкладна сарака гадоў. Хуліган хацеў уцячы, аднак пацярпелы дагнаў яго і паспрабаваў высветліць матывы ўчынку. Адказ быў просты: "Дастаў фатаграфаваць і закладаць у ДАІ".

Рашчынскі паспеў сфатаграфаваць суседа ў твар і падаў заяву ў міліцыю.

Так выглядае аўтамабіль парушальніка. Фота: nn.by
Сусед, які абліў Рашчынскага фарбай. Фота: nn.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі