Фота: Еўрарадыё
"Гэта цікавая прапанова!" Так адрэагаваў прадстаўнік прэс-службы Мінабароны палкоўнік Мікалай Акуліч на пытанне Еўрарадыё "Чаму б не зладзіць паказальныя слуханні па справе Коржыча для беларускіх афіцэраў?"
Паводле яго слоў, прадстаўнікі Мінабароны заўсёды і абавязкова прысутнічаюць на судовых слуханнях.
"Канкрэтна на гэтых пасяджэннях інтарэсы Мінабароны прадстаўляюць афіцэры ўпраўлення прававога забеспячэння", — кажа Мікалай Акуліч.
На пытанне Еўрарадыё пра лёс палкоўніка Канстанціна Чарнецкага, які кіраваў навучальным цэнтрам у Печах, дзе служыў Аляксандр Коржыч, прадстаўнік Мінабароны спаслаўся на ўказ прэзідэнта: "Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь палкоўнік быў вызвалены ад пасады начальніка 72-й НЧ. Пазней ён быў прызначаны на ніжэйшую вайсковую пасаду".
На якую менавіта пасаду, у Міністэрстве абароны не адказалі.
Нагадаем, што ў гэтыя дні ў Мінску праходзіць суд па справе гібелі радавога Аляксандра Коржыча. Еўрарадыё вядзе анлайн-трансляцыю з кожнага дня судовага паседжання.