Міліцыянтаў-бунтароў звольнілі з крычаўскай міліцыі "па адмоўных матывах"

19/05/2017 - 07:50

УУС Магілёўскага аблвыканкама скончыла службовую праверку і звольніла супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС — падпалкоўніка Ігара Вусіка і лейтэнанта Андрэя Шашкова

Як паведамляецца на сайце ведамства, праверка выявіла, што Вусік і Шашкоў парушылі ўмовы заключаных з імі кантрактаў аб службе і патрабаванні ведамаснага нарматыўнага акта аб узаемадзеянні міліцыі са СМІ.

Як паведамлялася раней, некалькі міліцыянтаў Крычаўскага РАУС напісалі ліст міністру ўнутраных спраў, дзе казалі, што ім даюць планы аб затрыманнях і забіраюць грошы, налічаныя ў прэмію. Калі ліст не даў выніку, міліцыянты звярнуліся да незалежных СМІ. Лідарам міліцыянтаў-бунтаўнікоў стаў падпалкоўнік Вусік. 

Кіраўніцтва магілёўскай абласной міліцыі з гэтай нагоды заявіла: "Распаўсюджаная імі ў СМІ і сетцы Інтэрнэт суб'ектыўная, неправераная ва ўстаноўленым парадку інфармацыя аб дзейнасці кіраўніцтва Крычаўскага РАУС выклікала негатыўны грамадскі рэзананс і дыскрэдытавала дзяржаўныя органы і іх кіраўнікоў".

На думку кіраўніцтва міліцыі, Вусік і Шашкоў здзейснілі ўчынкі, несумяшчальныя са знаходжаннем на службе ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым кантракт з імі быў скасаваны датэрмінова.

"Па выніках службовай праверкі Вусік І.В. і Шашкоў А.А. звольненыя з органаў унутраных спраў па адмоўныХ матывах", — канстатуецца ў паведамленні міліцыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі