Міліцыя паведаміла пра раскрыццё абрабавання ювелірнага салона ў Мінску

26/02/2016 - 17:58

Міліцыя затрымала падазраваных у абрабаванні ювелірнага салона “Жэнёў” у Мінску. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы байцоў спецатраду “Алмаз”.

Нагадаем, што разбойны напад на ювелірны салон, які месціцца на вуліцы Сурганава, адбыўся 16 студзеня. Трое невядомых у масках уварваліся ў краму, разбілі вітрыны і скралі 115 каштоўнасцяў на суму каля 580 мільёнаў рублёў. Затрымаць зламыснікаў па гарачых слядах не ўдалося.

Як паведамляе прэс-служба МУС, сталічныя дэтэктывы змаглі вызначыць прыкметы падазраваных, а таксама колер і марку аўтамабіля, на якім яны перасоўваліся. Пазней вызначылі і асобы меркаваных зламыснікаў — гэта трое маладых людзей з Гродзенскай вобласці ва ўзросце ад 21 да 23 год. Адзін з іх арандаваў у Мінску кватэру. Затрыманыя раней не мелі праблемаў з законам і прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці толькі па лініі ДАІ.

Цяпер з затрыманымі працуюць следчыя. Вядома, што амаль усе скрадзеныя ювелірныя ўпрыгожанні налётчыкі схавалі дома. На хлопцаў завялі крымінальную справу за рабаванне, здзейсненае групай асобаў або ў асабліва буйным памеры. Ім пагражае да 13 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі