Міліцыя: абстаноўка перад выбарамі награваецца, у нас дастаткова сіл і сродкаў

01/06/2020 - 06:28

У краіне перад выбарамі награваецца абстаноўка. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч. Такім чынам ён пракаментаваў затрыманне ў Гродне відэаблогера Сяргея Ціханоўскага

"Канстатуем, што сітуацыя напярэдадні выбараў награваецца. Прычым гаворка ідзе не пра нейкія разавыя парушэнні грамадскага парадку або выбарчага заканадаўства. Часцяком мы бачым спланаваныя, падрыхтаваныя акцыі", — заявіў палкоўнік Казакевіч.

Ён паведаміў, быццам апошнімч часам старшыням выбарчых камісіяў, якія летась праводзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў, сталі паступаць пагрозы. "Гэта значыць, самі камісіі яшчэ не сфармаваныя на цяперашнія выбары, а пагрозы людзям і членам іх сем'яў ужо паступаюць", — дадаў ён.

Казакевіч прыгразіў, што ў беларускай міліцыі дастаткова сіл і сродкаў, "каб максімальна эфектыўна нейтралізаваць падобную пагрозу".

Як паведамлялася раней, 29 траўня на выбарчым пікеце ў Гродне дзве жанчыны чапляліся з правакацыйнымі пытаннямі да Сяргея Ціханоўскага. Блогер агітаваў за сваю жонку Святлану, якая вылучаецца кандыдаткай у прэзідэнты. Адна з жанчын выклікала міліцыю і заявіла, што Ціханоўскі не адказвае на яе пытанні. Калі міліцыянты паспрабавалі за гэта затрымаць Ціханоўскага, навакольныя людзі заступіліся за яго. У сумятні адзін з міліцыянтаў апынуўся на зямлі. Пасля гэтага Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі амапаўцы. 

Пазней МУС паведаміла, што траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі два міліцыянты. На затрыманых пачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. 30 траўня іх перавезлі ў Мінск. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі