Мікола Статкевіч пераабраны старшынёй БСДП (Народная Грамада)

25/02/2018 - 14:42

Мікола Статкевіч пераабраны старшынёй БСДП (Народная Грамада). Такое рашэнне прынятае падчас чацвёртай сесіі ўстаноўчага з’езду арганізацыі, якая прайшла 25 лютага ў Мінску. За пераабранне Статкевіча адзінагалосна выказаліся ўсе 52 дэлегаты, перадае Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

Палітык заявіў, што для яго гэта гонар і ён паспрабуе апраўдаць давер аднапартыйцаў. На сесіі таксама прынялі палітычную рэзалюцыю, у якой аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) канстатуе, што “беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для неабходных краіне рэформаў”.

Выбары, паводле рэзалюцыі, застаюцца “рытуалам прызначэння ўладамі цалкам кіраваных імі „дэпутатаў“, нават калі асобныя з іх належаць да дэмакратычных арганізацый”.

Таксама Аргкамітэт БСДП (Народная Грамада) заявіў у рэзалюцыі пра “сваю рашучасць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі”.

Сваю дзейнасьць аргкамітэт мае намер засяродзіць на працягу кампаніі мірных публічных акцый “Улада — народу!”.

“Мы будзем разам з іншымі патрыятычнымі сіламі весці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасці. Мы лічым важным годна адзначыць 100-годдзе БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасць патрыётаў абараняць дзяржаўнасць нашай краіны”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі