Міграцыйны ціск на Латвію і Польшчу знізіўся, на Літву — вырас

02/09/2026 - 11:00

Мігранты

У жніўні 2026 года суседнія з Беларуссю краіны ЕС зафіксавалі 1 741 спробу парушэння мяжы. Як заўважае выданне "Позірк", у параўнанні з ліпенем міграцыйны ціск на Латвію знізіўся ў 1,7 раза — з 2 275 да 1 375 спробаў, а на Польшчу — удвая, са 106 да 54. Пры гэтым на літоўскім напрамку паказчык вырас амаль у 1,9 раза — са 163 да 312 спробаў.

Жнівень стаў найменш актыўным месяцам па колькасці спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі за апошнія пяць месяцаў. З пачатку года зафіксавалі 12 171 спробу трапіць у ЕС праз Беларусь: 85,7% прыйшлося на Латвію, 11,1% — на Літву і 3,2% — на Польшчу. Для параўнання, за восем месяцаў 2025 года было 34 045 такіх спробаў, што ў 2,8 раза больш.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх дзяржаў называюць яго "гібрыднай атакай", арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве. Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЕС праз Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі