Мастак Аляксей Кузьміч зладзіў новую шакуючую акцыю і напісаў ліст у БРСМ

03/02/2020 - 07:13

Мастак Аляксей Кузьміч зладзіў новую шакуючую акцыю. На відэа ён падпальвае імправізаваны крыж, прышпільвае да свайго цела значак БРСМ, уздымае уверх правую руку. Кузьміч тлумачыць на сваёй старонцы ў Facebook, што прымеркаваў акцыю да ўступлення ў сілу зменаў у законе "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" (ён лічыць, што яны прыгнятаюць грамадзянскія свабоды і апраўдваюць рэпрэсіі). Яна працягвае яго "даследаванне", распачатае летась падчас перфоманса ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. 7 кастрычніка Кузьміч там распрануўся: на ім засталася толькі шыльда "Міністэрства культуры", прымацаваная да прычыннага месца. Па словах мастака, перформанс быў прысвечаны цэнзуры ў мастацтве.

"У гэтым дзеянні я змяшчаю сябе ўнутр сістэмнага эксперыменту, разважаючы пра ўплыў незлічоных канцэпцый ідэалогіі і прапаганды на фарміраванне светапогляду сучаснага чалавека і грамадскай думкі", — піша Аляксей Кузьміч пра сваю новую акцыю. Паводле яго слоў, ён правёў "паралелі з рэлігійнымі, акультным практыкамі падпарадкавання, ахвярапрынашэннем і псіхасексуальнай субкультурай".

Да БРСМ мастак звярнуўся як да пераемніцы колішняга камсамолу і як да арганізацыі, якая ў цяперашняй Беларусі стварае "сучасны ідэалагічны светапогляд маладых людзей у краіне і прэтэндуе на манаполію ў фармаванні кадраў кіруючых структур і выканаўчай улады".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі