Магчымыя праблемы з заробкамі. Чым небяспечныя загружаныя склады прадпрыемстваў

28/02/2026 - 12:01

Трактары МТЗ / LookByMedia

На складах прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці Беларусі назапасілася прадукцыі на 4 млрд долараў. Прычым толькі за студзень 2026 года яе прырост склаў 800 млн долараў. У чым небяспека такой сітуацыі для людзей і эканомікі краіны, у эфіры Еўрарадыё патлумачыла эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Такую загружанасць складоў экспертка ацэньвае як "крытычны ўзровень".

— На сённяшні дзень у нас практычна 100% месячнай выручкі па прамысловых прадпрыемствах — гэта складскія запасы. На пачатку мінулага года гэта было каля 75% месячнай выручкі. Гэта значны рост, — тлумачыць Рыжычэнка.

Тавар не прадаецца, а калі і прадаецца, то за яго не плацяць, мяркуе эканамістка. Яна звяртае ўвагу на рост дэбіторскай запазычанасці.

— Гэта крытычны ўзровень, які прывядзе да таго, што паўстане пытанне аб скарачэнні аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах. Гэта наўпрост паўплывае на прадукцыйнасць працы, на заробкі работнікаў, на здольнасць прадпрыемстваў пагашаць крэдытныя абавязацельствы, выплачваць заработную плату і ў цэлым на іх фінансавыя паказчыкі і ўстойлівасць.

Пры гэтым тавары на складах могуць псавацца. Вядома, гаворка не пра трактары або машыны, якія могуць стаяць гадамі. Але калі казаць пра прадукцыю з абмежаваным тэрмінам прыдатнасці, то захоўванне і нерэалізацыя таксама аказваюць негатыўны ўплыў, — упэўненая Рыжычэнка.

На плачэўную сітуацыю паўплывала тое, што расійскі рынак, які з’яўляецца асноўным для Беларусі, звузіўся. Да гэтага дадаецца неканкурэнтаздольнасць нашага тавару.

— Калі казаць шчыра, беларускія тавары не з’яўляюцца канкурэнтаздольнымі, напрыклад, на азіяцкіх рынках. Кітай вырабляе практычна ўсё тое ж самае — часта якасней і танней. Акрамя таго, у яго шырэйшыя лагістычныя магчымасці.

Беларусь жа залежыць ад Расіі — ад прапускной здольнасці чыгунак, ад даступнасці расійскіх партоў і ад канкурэнцыі ўнутры расійскіх кампаній, якія самі вырабляюць калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты і іншую аналагічную прадукцыю, — нагадвае эканамістка.

Паводле слоў міністра Андрэя Кузняцова, беларускія прамысловыя прадпрыемствы за год недаатрымалі на расійскім рынку за сваю прадукцыю 1 млрд долараў. Прычым частку тавараў туды завозілі без аплаты. Аліса Рыжычэнка лічыць, што гэта і ёсць тая самая дэбіторская запазычанасць — за тавары, якія былі прададзеныя.

— Дапусцім, нейкі губернатар расійскай вобласці падпісвае з беларускім прадпрыемствам кантракт на пастаўку, скажам, 100 электробусаў. Але пры гэтым не плаціць за гэта грошы або скасоўвае кантракт, адмаўляецца ад яго.

Тады гаворка ідзе пра недаатрыманыя грошы, на якія разлічвалі, якія планавалі атрымаць, або па якіх былі нейкія папярэднія дамоўленасці.

Адзіны асноўны рынак збыту — гэта Расія, у якой цяпер сур’ёзныя фінансавыя праблемы з унутранымі разлікамі, і, адпаведна, гэта наўпрост уплывае на разлікі з Беларуссю, — падсумоўвае экспертка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі