“Магчыма, асацыяцыя Украіны з ЕС падштурхне Беларусь да еўрапейскіх стандартаў”

16/06/2017 - 14:11

Дамову аб асацыяцыі Украіны і ЕС ужо ратыфікавалі ўсе краіны-сябры Еўрасаюза. Чакаецца, што дакумент набудзе моц з 1 верасня бягучага года. Што з гэтага моманту зменіцца для Украіны і якія наступствы можа мець украінская асацыяцыя з ЕС для Беларусі, разважаем з украінскім палітолагам Дзмітро Левусем.

Еўрарадыё: 14 чэрвеня Нідэрланды апублікавалі рашэнне аб ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі Еўрасаюза і Украіны. Яны зрабілі гэта апошнімі з усіх краін ЕС, чаму?

Дзмітро Левусь: Прычыны трэба шукаць у агульных настроях, што апошнім часам пануюць у Еўропе. Дамова аб асацыяцыі з Украінай была скарыстаная еўраскептыкамі, каб сказаць людзям: “Глядзіце, у нас і так праблем хапае, а тут ізноў Еўропа пашыраецца!” А сярэднестатыстычны выбаршчык Нідэрландаў не моцна адрозніваецца ад сярэднестатыстычнага выбаршчыка Украіны ці Беларусі ― ён не стаў разбірацца ў справе. Адпаведна, адбывалася зацягванне працэсу.

Еўрарадыё: Тым не менш, Нідэрланды дакумент ратыфікавалі і зараз ён перададзены ў Брусель для канчатковай ратыфікацыі. Ёсць спадзяванні што Дамова набудзе моц і пачне дзейнічаць з 1 верасня? Што зменіцца для Украіны ад моманту канчатковага набыцця моцы Домовай аб асацыяцыі з ЕС?

Дзмітро Левусь: Мяркую, да гэтага ўсё ідзе, у гэтым упэўненая і ўкраінская дыпламатыя. Калі казаць наконт таго, што зменіцца, то тут трэба казаць пра два вымярэнні: што пасля 1 верасня адчуюць шараговыя ўкраінцы, якая карысць ад той Дамовы, і што будзе на дзяржаўным узроўні? Да прыкладу, украінская мабільная сувязь будзе дзейнічаць на тэрыторыі Еўрасаюза без роўмінгу. Яшчэ можна казаць пра стандартызацыю і бяспеку ў сферы энергетыкі. У электраэнергетыцы Украіна будзе паступова ўключацца ў еўрапейскую энергетычную сістэму ― пяройдзе на еўрапейскія стандарты да 2010 года. Адбудзецца стандартызацыя ўкраінскіх да еўрапейскіх законаў у галіне працоўнага заканадаўства. Што вельмі важна для тых украінцаў, якія працуюць за мяжой. Людзі змогуць атрымліваць пенсію і пасля таго, як працавалі ў Еўропе.

Еўрарадыё: Нешта для вытворцаў зменіцца – можа лягчэй стане пастаўляць украінскія тавары на еўрапейскі рынак?

Дзмітро Левусь: Безумоўна, калі мы кажам пра стандартызацыю, то яна закране і ўкраінскіх вытворцаў. Вядома, што еўрапейскі рынак дастаткова “жорсткі”, але ва Украіны ёсць вялікія спадзяванні, звязаныя з нашымі прадуктамі харчавання. І калі мы пройдзем неабходную “харчовую” стандартызацыю, то спадзяванні на тое, што еўрапейскі рынак нашым таварам адкрыецца, становяцца больш рэальнымі.

Еўрарадыё: Нешта ад моманту канчатковага набыцця моцы Дамовай аб асацыяцыі зменіцца ва ўзаемаадносінах паміж Украінай і Беларуссю?

Дзмітро Левусь: Думаю, так. Бо Асацыяцыя з ЕС ― гэта дастаткова цесная сувязь. І чым больш цеснай гэтая наша сувязь з ЕС становіцца, тым больш Беларусь ад нас аддаляецца: найперш у плане эканамічным. Вяртаюся да пытанняў стандартызацыі. Самы просты прыклад, які тут можна прывесці: калі Украіне пяройдзе на еўрапейскія стандарты, то пэўныя беларускія тавары, якія гэтым стандартам не адпавядаюць, больш не змогуць трапляць на ўкраінскі рынак.

Еўрарадыё: У сферы палітыкі – чакаць нейкіх зменаў у нашых узаемаадносінах?

Дзмітро Левусь: Вы ж ведаеце, што эканоміка заўжды крыху апярэджвае палітыку і нават фарміруе яе. Таму мы і так ужо дастаткова далёка адзін ад аднаго. І калі б не пэўныя ініцыятывы, і каб пэўны працэс не называўся Мінскім, то мы б ужо яшчэ далей былі ў палітычным плане адзін ад аднаго. Бо што мы маем: Украіна ўсё далей адыходзіць ад Расіі і ў плане энергетычнай бяспекі, і ў плане заканадаўства, і ў плане стандартаў, а пакуль што застаецца там.

Еўрарадыё: Але ж можа ад украінскай асацыяцыі з ЕС і Беларусь атрымае нешта карыснае?

Дзмітро Левусь: Чаму ж не? Мяжа паміж Беларуссю і Украінай не становіцца “жалезнай завесай”. Што, на маю думку, паспрыяе паступовым ментальным зменам у Беларусі. Падштурхне вас да прыняцця новых стандартаў. А ўсё гэта агулам паскорыць еўрапейскую інтэграцыю Беларусі. Бо існаванне Беларусі ў агульнай еўрапейскай прасторы ― з’ява цалкам, на мой погляд, лагічная.

Еўрарадыё: Ва Украіны ўжо ёсць бязвіз з ЕС, хутка пачне дзейнічаць дамова аб асацыяцыі – што далей, якія наступны крокі па шляху збліжэння з Еўрасаюзам?

Дзмітро Левусь: На самой справе, не толькі еўраінтэграцыя вызначае нашу знешнюю палітыку. У нас ідзе вайна, частка краіны акупаваная ― асобныя тэрыторыі на Данбасе і Крым. І для Украіны зараз асноўная задача ― перамога, а не дасягненне міру любой цаной у гэтай вайне. Думаць пра нейкія новыя крокі зарана. Бо зараз трэба будзе прыкласці шмат намаганняў да таго, каб выканаць усё тое, што прапісана ў той Дамове аб асацыяцыі. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі