Лыжы Дар’і Домрачавай прадалі з аўкцыёну за 1000 долараў

28/11/2015 - 06:34

Асабістыя лыжы славутай беларускай біятланісткі Дар’і Домрачавай прадалі на аўкцыёне за тысячу долараў. Таргі адбыліся падчас дабрачыннай вечарыны “Васільковы баль” у Мінску. Акцыя ладзілася ў падтрымку будаўніцтва Беларускага дзіцячага хоспіса, паведамляе БЕЛТА. На аўкцыён выставілі 12 лотаў, 11 з іх прадалі.

Лыжы Дар’і Домрачавай дасталіся пакупніцы, якая пажадала застацца невядомай. Дзяўчына прызналася, што Домрачава — яе кумір і яна глядзіць практычна ўсе яе выступы.

Таксама на таргі выстаўлялі мяч з аўтографамі футбалістаў каманды “Барселона” і прадалі яго за 500 долараў. Столькі ж каштаваў і мяч з аўтографамі гульцоў БАТЭ. Гэты лот набыла дырэктар кампаніі “Макдональдс” Вікторыя Данько, якая ўжо некалькі гадоў фінансава падтрымлівае дзіцячы хоспіс. Таксама яна набыла мяч з аўтографамі футбалістаў нямецкага “Баера” — за 550 долараў.

Найдаражэйшым лотам стала скульптура Андрэя Асташова “Кукляша”, стартавы кошт якой складаў 1800 долараў, але ў выніку ўзняўся да трох тысяч. Таксама на таргі выставілі працы маладых мастакоў. Усе атрыманыя грошы пойдуць за завяршэнне будаўніцтва дзіцячага хоспіса.

Фота: Прессбол

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі