Лёнік Тарасэвіч: Калі ў доме няма стала, то распадаецца сям’я

22/04/2019 - 14:30

Лёнік Тарасэвіч — мастак з сусветным імем, беларус з Падляшша, вялікі аматар птушак. Мы сустрэліся на яго галубятні ў падворку Акадэміі мастацтваў у Варшаве — гэтае месца ўпадабалі тутэйшыя хіпстары.

Я прашу расказаць якую-небудзь трагічную гісторыю пра галубоў. Раптоўная просьба бянтэжыць Лёніка: ён чакаў пытанняў пра мастацтва.  Але пра галубоў, дык пра галубоў: мастак зацягвае гісторыю і кубінскую цыгару.

Лёнік Тарасэвіч: Прыпамінаецца мне 1984 год. Да нас з маім прыяцелем Раманам прыехалі трое на двух шыкоўных “мерседэсах”. У скуранках, як бы мая мама сказала, пастрыжаныя пад нуль, і пытаюцца: ці можна купіць галубку-крымку беластоцкую? Колькі каштуе? Раман кажа: “Пяць тысяч”. Гэта была месячная зарплата — пяць тысяч. “Што так дорага?” А Раман кажа: “Ужо 10 тысяч”. Праходзіць яшчэ гадзіна, і кошт вырастае да 15. “Чаму цяпер 15? Было ж 5?” Раман: “Было 5, а цяпер 15”. Дайшло, знаеш, да 30 тысяч. Пагадзіліся на 30 тысяч, узяў дзяцюк драбіны, дастаў галубку. А там важна, каб броўка была белая, каб паміж вачамі не было пярынак каляровых. Раман даў гэтую галубку. Пакупнікі праверылі. Раман папрасіў назад крымку, узяў яе ў рукі, галаву ўсадзіў паміж двума пальцамі. Адарваў галаву галубцы, кроў пырснула, а ён кажа: “Не будуць х*** гадаваць такіх галубоў”.

Jan Rolke / Forum

Еўрарадыё: Чаму людзі перасталі трымацца свайго? Куды падзеўся гонар?

Лёнік Тарасэвіч: Адбываецца грамадская рэвалюцыя: грошы так хутка прыйшлі, так хутка змяніўся спосаб жыцця... Кожны намагаецца ісці ўгару, дагнаць да паноў, як мая маці казала. На сёння ў Польшчы 30% людзей не адзначаюць Велікодных свят. Чаму? Проста выязджаюць на мора, у горы, у агратурыстыку, каб не было нічога супольнага з Вялікаднем. Хрысціянства застаецца павярхоўнае, а яно ж не ў дэкарацыі. Калі б ў крамах не прадавалі шакаладных зайцоў, дык ніхто б не ведаў, што цяпер святы. Тым больш што ў Велікодны дзень робяць найбольш абортаў. Вараць гэтыя яйкі... Паганская традыцыя. А ў гэтым яйку жыццё. Ты калі-небудзь пра гэта думала?

Еўрарадыё: Вы ж з Падляшша, праваслаўны? Як вам жывецца, калі навокал ўсе каталікі?

Лёнік Тарасэвіч: Я нарадзіўся ў працоўнай сям’і, у нас было мала часу на кожную традыцыю. Але тое, што мы елі за сталом, трымала сям’ю. А сёння людзі нават на вёсках будуюць такую кухню, што і кухні няма. Калі няма стала, то распадаецца сям’я. Адзінае для мяне было непрыемна што перад святам быў пост, а дзіця не разумее, чаму нельга есці. І ў царкве Усяночную таксама няпроста выстаяць... На шчасце, ў маім Гарадку царква размаляваная, было на што глядзець. То я на службе глядзеў. А бацька мне па лбе даваў, калі я не на царскія брамы глядзеў, а са святымі знаёміўся.

Еўрарадыё: Цяпер часта разважаюць пра ідэнтычнасць. Як чалавек, што паходзіць з беларуска-польскага памежжа, вы маеце разарваную самасвядомасць ці гэта неяк іначай?

Лёнік Тарасэвіч: Нас трымае пры беларускасці і праваслаўі польскі каталіцызм. Каб не ён, то мы нашмат хутчэй сталі б палякамі. Мы ў Гарадку з 1937 года маем касцёл, але ён місійны, ксяндзы да нас прыязджаюць з Аргенціны. Для нас гэта вялікі кантраст, які мы назіраем і падчас выбараў. Палова мясцовых, пераважна каталікі, будуць галасаваць за правую партыю. А другая палова за любога, хто б не нагадваў пра даваенны санацыйны час.

Еўрарадыё: Не першы год у Гайнаўцы праходзіць марш польскіх нацыяналістаў памяці “праклятага жаўнера” Рамуальда Райса (“Бурага”), які пасля вайны паліў беларускія вёскі на Падляшшы разам з людзьмі. Што гэта? Спроба пакрыўдзіць беларускую меншасць ці бяздумнасць?

Лёнік Тарасэвіч: З аднаго боку, бяздумнасць, а з іншага — дурасць улады, якая дазваляе тое, што скончыцца горам, бо гэта стварае ў беларусах адчужанасць да краіны, дзе яны жывуць. Але ёсць і больш страшная рэч: сярод людзей, пераапранутых ў “праклятых жаўнераў”, ідзе ўнучак, а на тратуары стаіць бабуля, якая памятае, як гарэлі вёскі. Людзі вельмі знерваваныя гэтай сітуацыяй. Але арганізатар гэтага маршу — чалавек, які выкладае рэлігію ў школе. І гэта яшчэ адзін прыклад “ваяўнічага каталіцызму”.

Еўрарадыё: Якую будучыню вы прадбачыце?

Лёнік Тарасэвіч: Моладзь едзе працаваць у Нарвегію і Англію на тры месяцы, працуе там і вяртаецца, потым зноў едзе на тры месяцы. Дзякуючы гэтаму яны не перарываюць кантакты з сям’ёй, не адыходзяць да іншай культуры. Бо ранейшыя выезды пазабіралі ад нас людзей, шчасця людзі не мелі. Амерыка нам шчасця не дала.

Заканчваю запісваць размову, раблю пару здымкаў галубятні, пытаюся пра іх жыхароў. Лёнік гадуе галубоў самых розных відаў — ад мікалаеўскіх, якія, як кажа ён, лятаюць вертыкальна, да венскіх — у мастака яны чорныя, з даліканай доўгай шыяй. Кажа, што голуб раней быў сімвалам паганскай багіні кахання Венеры, потым хрысціяне зрабілі яго сімвалам Святога Духа. Дадаю, што камуністы бачылі ў ім сімвал міру.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі