Лукашэнка завёз у Казахстан копіі дакументаў з архіву КДБ Беларусі

08/06/2017 - 14:47

Аляксандр Лукашэнка завёз у Казахстан копіі дакументаў з архіву КДБ Беларусі. У іх распавядаецца пра жанчын-ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія з канца 1930-х гадоў адбывалі пакаранне на тэрыторыі Казахстана. Дакументы кіраўнік Беларусі перадаў казахстанскаму прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву, інфармуе БЕЛТА.

Адзначаецца, што архіўныя дакументы дзяржбяспекі прызначаны для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій і таталітарызму. Ён адкрыты недалёка ад Астаны на месцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера, вядомага як "Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы" (скарочана па-руску — АЛЖИР).

У КДБ Беларусі знайшлі архіўныя справы 63 жанчын-жонак рэпрэсаваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Іх усіх адправілі з БССР у Казахстан. Копію справы Яніны Германовіч, жонкі расстралянага паэта Тодара Кляшторнага, днямі перадалі іх дачцы Маі Кляшторнай.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі