Лукашэнка: я ваш слуга, як вы скажаце, так і будзе

04/05/2020 - 14:20

У часы каранавіруса Аляксандр Лукашэнка спрабуе арганізаваць у Мінску пасяджэнне вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Пра гэта ён распавёў у панядзелак падчас відэасувязі з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Лукашэнка прызнаўся, што "не вельмі ўспрымае фармат відэаканферэнцый", ды і ўжо "людзі пачынаюць смяяцца". Таму ён цвёрда хоча, каб лідары краін ЕАЭС сабраліся ў беларускай сталіцы і не бралі з сабой "натоўп чыноўнікаў".

"Я сёння размаўляў са спадаром Такаевым, прэзідэнтам Казахстана, — гаварыў Лукашэнка Дадону. — І я і вам магу сказаць, і яму сказаў: я ваш слуга, як вы скажаце, так і будзе. Я арганізую мерапрыемства, я гатовы 19 траўня прыняць усіх вас. Абяцаю вам поўную бяспеку".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што прыляцяць прэзідэнты Казахстана і Малдовы, пад пытаннем пакуль застаецца прэзідэнт Расіі. Як вядома, на мінулым тыдні каранавірус выявілі ў расійскага прэм'ер-міністра.

"Паглядзім, якая будзе рэакцыя прэзідэнта Расіі,цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Паколькі ў іх, як мы бачым... сітуацыя не вельмі добрая".

Лукашэнка спадзяецца, што да 19-га ў Расіі аслабяць каранцін, і Пуцін усё ж прыляціць у Мінск.

"Я з вялікім задавальненнем вас прыму, — гаварыў беларускі кіраўнік Ігару Дадону. — ...Упэўнены, што вы з задавальненнем, пабываўшы тут, у добрым настроі пакінеце Мінск, калі, вядома, гэта дазволіць вам сітуацыя".

Аляксандр Лукашэнка дапускае, што саміт усё ж будзе перанесены да таго часу, пакуль не зменіцца сітуацыя з каранавірусам. Ён гатовы пагадзіцца і на фармат відэканферэнцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі