Лукашэнка выказаўся пра "справу дактароў"

21/02/2019 - 09:31

Праваахоўнікі не павінныя прыцягваць невінаватых людзей дзеля таго, каб фармальна раскрыць крымінальныя справы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча, інфармуе БЕЛТА.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы ўзгадаў рэзананс вакол "справы дактароў" і суды па справе чыноўнікаў упраўлення спажывецкага рынку, якія бралі грошы са школьных сталовак. 

"У апошні час, асабліва ў сувязі з гэтымі лекарамі, тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: "Вось, напэўна, не трэба было б саджаць лекараў". Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Госпад, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека", — перасцярог Лукашэнка. 

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што ў савецкія гады міліцыя працавала для таго, каб раскрыць злачынства хаця б фармальна. "Ды хай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець", — паўтарыў ён. 

Паведамляецца, што летась у следчыя органы паступіла больш за 149 тысяч заяваў і паведамленняў пра злачынствы — гэта амаль на 12% больш, чым у 2017 годзе. Пры гэтым колькасць пачатых крымінальных спраў скарацілася з 87 835 да 87 286. На 8,6% (да 29 388) павялічылася колькасць рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы або спыненні праверкі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі