Лукашэнка расказаў, як мяняюць Канстытуцыю Беларусі

17/11/2019 - 09:22
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў на выбарчым участку пасля галасавання на парламенцкіх выбарах, што змяненне Канстытуцыі Беларусі праходзіць у тры этапы. Цяпер над ім, паводле яго слоў, працуюць спецыялісты Канстытуцыйнага Суда.

"Элементы новай Канстытуцыі мне прадстаўлены. Цяпер пераходзім да другога этапу. Іншая, больш шырокая група спецыялістаў паспрабуе напісаць чарнавы варыянт новай Канстытуцыі. А потым будзе трэці этап: мы прадставім гэты варыянт Канстытуцыі на абмеркаванне грамадству", — расказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што праца над змяненнем Канстытуцыі Беларусі павінна весціся ўзважана і грунтоўна. "Канстытуцыю я магу напісаць за тыдзень, але гэта будзе мая канстытуцыя. А Канстытуцыю Беларусі пішуць спецыялісты", — сказаў кіраўнік краіны.

Ён таксама расказаў, што ўсталяваў для спецыялістаў Канстытуцыйнага Суда правіла — асабіста падпісваць прапанаваныя змены ў Асноўны закон. "Я паглядзеў прапановы па Канстытуцыі і зразумеў: вось калі персанальная адказнасць за лёс краіны, за тое, як яны і іх дзеці будуць жыць у гэтай краіне, тады мяне ўзрадавала, што яны не збіраюцца ламаць Канстытуцыю. Адказнасць павінна быць за гэты дакумент", — падкрэсліў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі