Лукашэнка прызначыў старшыню Мінскага аблвыканкама

04/07/2017 - 10:21

Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшыню Мінскага аблвыканкама. Ім стаў Анатоль Ісачэнка, які дагэтуль працаваў памочнікам прэзідэнта Беларусі, інспектарам па Мінскай вобласці. Чакаецца, што ў сераду, 5 ліпеня, яго кандыдатуру прапануюць на сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў для зацверджання. Як вядома, з канца 2013-га да траўня 2017 года старшынём Мінскага аблвыканкама быў Сямён Шапіра, які цяпер ачольвае Федэрацыю хакея Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з Анатолем Ісачэнкам, падкрэсліў значэнне Мінскай вобласці для краіны (“вобласць немалая, гэта палова краіны”) і тое, што ў яе ёсць значны патэнцыял для развіцця. “Я вельмі хацеў бы, каб у вас у Мінскай вобласці атрымалася”, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў Ісачэнкі дастаткова досведу для такой працы. Ён нагадаў новаму “губернатару”, што трэба больш інтэнсіўнымі тэмпамі і часцей праводзіць ратацыю кадраў.

Анатоль Ісачэнка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Клінцоўскім раёне Бранскай вобласці Расіі. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў інжынерам у калгасе ў Горацкім раёне на Магілёўшчыне. У 2008-2014 гадах быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Пасля два гады ачольваў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў. Галоўным інспектарам па Мінскай вобласці стаў у канцы мінулага года.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі