Лукашэнка патрабуе спыніць спад у нафтаперапрацоўцы

01/06/2017 - 09:44

Аляксандр Лукашэнка патрабуе спыніць спад у айчыннай нафтаперапрацоўцы. У чацвер, 1 чэрвеня, ён праводзіць нараду, прысвечаную стратэгіі развіцця гэтай галіны прамысловасці. Лукашэнка адразу нагадаў прысутным, што “гэтае пытанне накшталт незалежнасці нашай дзяржавы”. “Мы павінны зрабіць усё, каб забяспечыць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі. Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вывадзе нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай кепскай сітуацыі”, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нафтаперапрацоўка — гэта стратэгічная галіна (у прамысловасці гэта больш за 13%, у экспарце — каля 17%), але яе ўнёсак у эканоміку зніжаецца. “Унёсак двух нафтаперапрацоўчых заводаў параўнальны, напрыклад, з такой кампаніяй, як “Белтэлекам”, — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі заклапочаны тым, што назіраецца негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. “Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі пераўтвараецца ў стратную галіну”, — заявіў беларускі лідар. І гэта пры тым, што ў мадэрнізацыю НПЗ былі ўкладзеныя “немалыя грошы”.

Лукашэнка адзначыў негатыўны ўплыў на сітуацыю значнага падзення цэнаў на нафту, да чаго не былі гатовы айчынныя прадпрыемствы. Але ён бачыць і віну ўраду: былі пралікі па вызначэнні стратэгіі развіцця галіны, не было дакладнай праграмы дзеянняў, праекты рыхтаваліся некампетэнтна. Усё гэта прывяло да павелічэння кошту і тэрмінаў будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка сумняецца, што да 2019 года ўдасца завяршыць мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў.

“А цяпер “Нафтан” ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошваць дапамогу ў дзяржавы”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі