Лукашэнка патрабуе надзець кайданкі на вінаватых у сітуацыі з тарыфамі на ЖКГ

22/02/2016 - 10:00

22 лютага Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе. Як перадае БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы выказаў абурэнне з нагоды тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў паведаміў яму, што загадзя былі праведзеныя неабходныя разлікі, але з іх ужываннем на практыцы атрымалася з дакладнасцю да наадварот. Па яго словах, усё было зроблена, што называецца, "ад балды".

"Значыць, начапіце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Начапіце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут павінен быць спіс, хто гэтую "балду" прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і прэм'ер-міністр падалі яму разлікі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Ён пералічыў, якія тарыфы хоча бачыць: вываз смецця, асвятленне, ліфт, прыборка, цеплавая энергія, цёплая і халодная вада, газ, электраэнергія. Службовым асобам, якія не справяцца з дадзенымі сёння даручэннямі, Лукашэнка прыгразіў адказнасцю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі