Лукашэнка пагражае ўсім, хто расследаваў забойства магіляўчанкі ў 2009 годзе

16/02/2018 - 12:25

Ужо вядомыя ўсе людзі, датычныя да расследавання забойства магіляўчанкі ў 2009 годзе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка расказаў 16 лютага падчас паездкі на Слуцкі цукроварафінадны камбінат, паведамляе БЕЛТА.

"Учора мне адпаведныя службы далажылі: "адкапалі" ўсіх. І следчых, і міліцыю, і суддзяў, і пракурораў. Зараз будзем з імі разбірацца", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму Лукашэнка расказаў кіраўніку Камітэта судэкспертызаў, як за суткі разабраўся з крымінальнай справай, якая адбылася ў 2009 годзе. Тады пасля забойства жанчыны быў затрыманы жыхар Магілёва, але суд яго апраўдаў за недаказанасцю злачынства. Бацька забітай, аспрэчваючы прысуд, дайшоў да Вярхоўнага суда, але і той не задаволіў яго касацыю. Але пасля яго звароту да Лукашэнкі справу сталі пераглядаць.

Папярэдняга абвінавачанага затрымалі ў Расіі. Паводле афіцыйных звестак, ён прызнаўся ў зробленым, і неўзабаве яго чакае суд.

Лукашэнка выказаў прэтэнзіі да тых, хто вёў следства і суд раней. "Як следства вялі? Як пракуратура назірала? Як суддзі судзілі?" — рытарычна запытаўся ён. 

"Парадак павінен быць. Павінна быць дысцыпліна і справядлівасць. Калі няма справядлівага грамадства, краіна існаваць не зможа, асабліва наша, славянская", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі