Лукашэнка назваў распад СССР катастрофай для ўсяго свету

30/09/2016 - 13:35

Аляксандр Лукашэнка назваў распад СССР катастрофай. Такую заяву ён зрабіў на сустрэчы са студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта, перадае БЕЛТА.

"Я адназначна разглядаю распад Савецкага Саюза як катастрофу, якая мела і мае негатыўныя наступствы ва ўсім свеце. Нічога добрага ад распаду мы не атрымалі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, які стаў кіраўніком Беларусі дзякуючы распаду СССР.

Ён дадаў, што адносіны паміж Савецкім Саюзам і Кітаем не заўжды былі добрымі — даходзіла і да вайсковых канфліктаў на мяжы. Але, на думку Лукашэнкі, у гісторыі ўзаемаадносінаў паміж савецкімі і кітайскімі людзьмі заўсёды было больш добрага. Добрым прыкладам ён назваў агульную перамогу над фашызмам і японскім мілітарызмам.

Лукашэнка лічыць, што Савецкі Саюз быў фактарам стрымлівання і забеспячэння стабільнасці ў свеце. Па яго словах, многія цяперашнія канфлікты ў часы СССР былі б немагчымыя — у прыватнасці, ён назваў Блізкі Усход і Афрыку. "Знік Савецкі Саюз, і, вы бачыце, свет завагаўся на адной апоры. Я не асуджаю тут амерыканцаў, але факт застаецца фактам. Апора адна — і свет хістаецца", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Асновай для шматпалярнага свету ён бачыць Кітай, адзіную постсавецкую прастору і Еўрасаюз.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі