Лукашэнка наведае Украіну з пятым афіцыйным візітам за тры гады

19/07/2017 - 07:28

20-21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка наведае Украіну з афіцыйным візітам, паведамляе яго прэс-служба.

У праграме паездкі прадугледжаныя перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у фармаце "сам-насам" і ў пашыраным складзе. На іх кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць палітычнае, гандлёва-эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай. 

Асноўную ўвагу плануецца надаць цяперашняму стану і перспектывам супрацы ў эканоміцы. Плануецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва.

Закрануць Лукашэнка з Парашэнкам таксама і ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны. Наша дзяржава, як вядома, арганізавала перамоўную пляцоўку для бакоў працэсу.

Чакаецца, што па выніках перамоваў у прысутнасці кіраўнікоў Беларусі і Украіны будзе падпісаны шэраг дакументаў па супрацы ў эканоміцы, навукова-тэхнічнай галіне, а таксама ў сферах культуры і міжнацыянальных адносін.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі