Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю расійскаму федэральнаму дзяржаўнаму тэлеканалу "Расія 24". Паводле інфармацыі БЕЛТА, інтэрв'юерам быў намеснік дырэктара тэлеканала Сяргей Брылёў.
Паведамляецца, што суразмоўцы абмяркоўвалі эканамічнае развіццё Беларусі і асноўныя драйверы росту, а таксама развіццё Еўразійскага эканамічнага саюза. Закранаўся таксама глабальны парадак дня і міжнародная палітыка, лічбавізацыя на еўразійскай прасторы.
"Усё ў галовах. Ведаем, куды ісці, як ісці. Досвед ужо ёсць. Усё ж такі няхай не дзесяцігоддзе, але хутка пяць гадоў Еўразійскаму саюзу. Прыклад ёсць — розныя саюзы, у тым ліку Еўрапейскі саюз. Мы разумеем, што трэба рабіць, а што нельга, каб да Брэкзіту не прыйсці", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Па яго словах, праблемы паміж Беларуссю і Расіяй ствараюць самі гэтыя дзяржавы. "Вы ведаеце, мы самі ствараем праблемы: ствараюцца бар'еры ў гандлі, а бо мы дамаўляліся аб вольным руху капіталу, рабочай сілы, тавараў , паслуг і гэтак далей. І ўсюды — я Дзмітрыю Анатольевічу (Мядзведзеву. — Еўрарадыё.) з такім намёкам казаў — скразіць нацыянальны эгаізм у гандлі. Але мы ведаем, што гэтага быць не павінна", — паўшчуваў Лукашэнка расіян.
Па словах Брылёва, да тэлеэфіру рыхтуецца цэлая серыя інтэрв'ю з лідарамі краін ЕАЭС. Яны выйдуць на наступным тыдні на каналах Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі. Інтэрв'ю з кіраўніком Беларусі ў поўным варыянце выйдзе на тэлеканале "Расія 24" напярэдадні саміту ў Санкт-Пецярбургу. А 1 снежня ў праграме "Весткі ў суботу" будуць паўтораныя фрагменты размовы.