Лукашэнка, Латушка, пратэстоўцы і чырвоныя лініі

02/01/2021 - 12:55
Чырвоная лінія / Marina Reef / www.flickr.com

Незалежны аналітык Сяргей Чалы заўважыў, што ў прамовах Аляксандра Лукашэнкі сталі часта трапляцца словазлучэнні "чырвоная лінія"* і "чырвоная рыса". Маўляў, ёсць нейкія межы, пераходзячы якія, пратэстоўцы правакуюць улады на прымяненне гвалту. На думку кіраўніка Беларусі, калі "чырвоная лінія (рыса)" пяройдзеная — значыць, гвалт апраўданы.

Першым "чырвоную лінію" вераломна, без абвяшчэння вайны перайшоў лідэр "Народнага антыкрызіснага кіравання" Павел Латушка. "Я дапамагаў Латушку ўладкоўвацца на высокія дзяржаўныя пасады. Ставіўся да яго па-бацькоўску. Ён на каленях стаяў, дрыжаў, прасіў паслаць ва ўрад, паслом у Францыю, — 1 верасня распавядаў Лукашэнка журналістам свайго пула. — Напэўна, ён вырашыў, што ўлада нахілілася, а можа быць, дзесьці павалілася. Вось ён і пабег".

Вунь як глядзіць. Вядома, перайшоў! / Еўрарадыё

Праз два дні, прызначаючы чарговых чыноўнікаў на чарговыя пасады, Лукашэнка раптам заяўляе, што чырвоная рыса яшчэ не перасечаная. "Трэба мець вытрымку, трымаць сябе ў руках і не дапусціць", — кажа ён.

14 верасня на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка пацвярджае: "Ёсць пэўныя чырвоныя лініі, якія ніхто не мае права пераходзіць. Пакуль гэтыя чырвоныя лініі ніхто не парушаў". Пра Латушку два тыдні таму гэта выпадкова вырвалася.

За месяц, які прайшоў пасля таго, пратэстоўцы "радыкалізаваліся" і ўсё ж перасеклі ў галаве Аляксандра Лукашэнкі тое, што перасякаць не варта было. "Апошнія некалькі дзён сведчаць пра тое, што па многіх напрамках яны гэтую чырвоную рысу перайшлі", — заяўляе Лукашэнка 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу.

Праз тры дні, прызначаючы наступных чыноўнікаў на наступныя пасады, Лукашэнка пацвярджае, што чырвоныя лініі — усё. "Мы цярпелі. Я адразу абазначыў: ёсць чырвоныя лініі. І не дай бог хтосьці іх пераступіць. Яны іх пераступілі па многіх напрамках, я пра гэта казаў". Усё гэта — сігнал для яшчэ больш рашучых дзеянняў з боку сілавікоў, якія да таго часу і так ужо не саромеючыся пуляюць у пратэстуючых святлошумавымі гранатамі.

У гэтым месцы з чырвонымі лініямі была ўзятая паўза на два месяцы. Яна перапынілася ў апошні дзень 2020 года. Размаўляючы з медыкамі ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, Лукашэнка раптам даў зразумець, што... чырвоную рысу яшчэ ніхто не пераходзіў! "Справімся з эканомікай — ніякія пратэсты нам не страшныя. Паходзяць, паходзяць, як цяпер, калі паходзяць. Не пяройдуць чырвоную рысу — будуць хадзіць. Пяройдуць — атрымаюць", — сказаў ён.

Гэта значыць тыя, хто атрымаў да таго, усё ж атрымалі, не пераходзячы рысу. Хаця быццам бы ўжо і перайшлі — "па многіх напрамках". Але ў 2021 годзе можна хадзіць, хадзіць — а рысу ўсё ж не перайсці. І не атрымаць. Або перайсці і атрымаць. Або не перайсці і атрымаць. Загадка!
 

*пры падрыхтоўцы гэтага тэкста рэдакцыя Еўрарадыё не перайшла ніводнай чырвонай лініі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі