Лукашэнка: Агідна глядзець на гульню, што мінскага "Дынама", што зборных

18/12/2018 - 09:33

18 снежня падчас нарады, прысвечанай развіццю летніх відаў спорту, Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра хакей. Ён бачыць прычыну няўдачы маладзёжнай зборнай Беларусі па хакею найперш у кепскай працы трэнераў.

"Мы прайграем тым камандам, якіх мы два гады таму на адным каньку абыгрывалі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Агідна глядзець на гульню, што мінскага "Дынама" [у КХЛ], што зборных камандаў. Гэта праца трэнераў".

Аляксандр Лукашэнка робіць наступную выснову: "Агідная падрыхтоўка трэнераў". Ён адзначыў, што іх выпускаецца ўтрая больш, чым працуе. Кіраўнік дзяржавы загадаў прыняць меры: калі трэнер не хоча працаваць па спецыяльнасці, у яго трэба забраць дыплом. Трэнерамі мусяць быць "адданыя і надзейныя людзі", сказаў Лукашэнка. Ён прывёў дадзеныя, што ў асобных відах спорту за апошняе дзесяцігоддзе падрыхтавана ў паўтара-два разы больш трэнераў, чым цяпер працуе. "Дзе астатнія?", — спытаў ў прысутных беларускі кіраўнік.

Лукашэнка патлумачыў, чаму так важныя трэнеры для спорту: "На плячах трэнера ляжыць асноўная адказнасць за пошук, адбор, падрыхтоўку і матывацыю будучых чэмпіёнаў". Пры стварэнні неабходных умоваў для спецыяліста за яго працай, за ўлікам навучэнцаў неабходны эфектыўны кантроль.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі