Літоўскія памежнікі прапануюць пабудаваць на мяжы з Беларуссю 4-метровую сцяну

02/08/2021 - 19:38

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы прапануе пабудаваць на мяжы з Беларуссю 4-метровую сцяну з сеткі з калючым дротам зверху. Пра гэта заявіў намеснік яе кіраўніка палкоўнік Відас Мачайціс. І зрабіць гэта хочуць на ўсёй працягласці мяжы, а гэта больш за паўтысячы кіламетраў. Кошт праекту — больш за 152 млн еўра, паведамляе Delfi.

Мачайціс кажа, што плот з сеткі будзе ўмацаваны, "каб яго было не так проста перарэзаць". Пакуль ідзе праца над тэхнічнай дакументацыяй. "Вядома ж, самая вялікая праблема — грошы", — заявіў палкоўнік. Паводле яго слоў, ад фінансавання залежыць час пабудовы — гэта можа быць год, альбо тры гады. Спачатку сцяну збіраюцца ўзводзіць на самых уразлівых участках. Дарэчы, Відас Мачайціс прызнаецца, што быў праект пабудовы каменнай сцяны, ад якога адмовіліся.

ЕС гатовы дапамагчы Літве, але невядома, ці зможа ён фінансаваць менавіта пабудову сцяны.

Літва вымушана ўмацоўвае мяжу з Беларуссю, каб спыніць плынь мігрантаў, колькасць якіх павялічваецца з кожным днём. У Вільні заяўляюць пра "гібрыдную агрэсію" з боку ўладаў Беларусі, як адказ на санкцыі. З гэтым пагаджаюцца і ў Бруселі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі