Лазавік: Да сёлетніх выбараў заканадаўства змяняць не плануецца

12/02/2016 - 15:41

Да сёлетніх парламенцкіх выбараў заканадаўства ў Беларусі змяняць не плануецца. Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць міжведамственную экспертную групу па вывучэнню рэкамендацый АБСЕ, а таксама па выпрацоўцы прапановаў па выкарыстанню гэтых рэкамендацый. І ўжо сёння група была створана. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ЦВК, МЗС, Мінюста, Мінінфармацыі, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

АБСЕ лічыць, што да парламенцкіх выбараў у Беларусі ёсць магчымасць змяніць выбарчае заканадаўства, а значыць, выканаць яго рэкамендацыі. Як паведаміў БЕЛТА Мікалай Лазавік, эксперты сапраўды прааналізуюць рэкамендацыі і распрацуюць свае прапановы па ўдасканаленню выбарчага працэсу "для далейшага разгляду ў Цэнтральнай камісіі і даклада кіраўніку дзяржавы". Аднак шмат зрабіць да выбараў чыноўнікі проста не паспеюць, хаця яны адбудуцца толькі праз паўгода.

"Гэтая група, як плануецца, найперш разгледзіць тыя прапановы, якія можна рэалізаваць яшчэ да парламенцкіх выбараў 2016 года, гэта значыць, не змяняючы заканадаўчай базы, шляхам прыняцця пастановаў ЦВК (гэта значыць шляхам удасканалення правапрымяняльнай практыкі)", — заявіў Лазавік. Паводле яго слоў, гэтыя меры могуць патрапіць у метадычныя рэкамендацыі, у падрыхтоўку чальцоў участковых выбарчых камісій, "каб павысіць празрыстасць і галоснасць выбарчага працэсу".

А вось наступны этап ("выпрацоўка прапановаў, якія закранаюць змены законаў") — гэта "больш працяглы працэс", кажа сакратар ЦВК. Ён яшчэ раз пацвярджае, што да бліжэйшых выбараў ніяк не ўдасца ўкласціся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі