Латвія зачыніла мяжу з Беларуссю

31/07/2026 - 22:05

У апошнія месяцы ўчасціліся выпадкі незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі / Publicitātes foto

Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі абвясціла аб зачыненні мяжы з Беларуссю па тэхнічных прычынах. Пра гэта 31 ліпеня 2026 года ўвечары ў сацсетцы X паведаміў міністр унутраных спраў Яніс Домбрава.

Патэрнекі (Грыгароўшчына з беларускага боку) — адзіны дзеючы памежны пункт прапуску паміж Латвіяй і Беларуссю. Раней міністр заклікаў жыхароў Латвіі адмовіцца ад паездак у Беларусь, а тых, хто там знаходзіцца, — вярнуцца дамоў, указваючы на рызыкі перамяшчэння паміж краінамі ва ўмовах міграцыйнага ціску з боку Беларусі. 

Дакладная дата зачынення мяжы загадзя не называлася, хоць у сацсетках распаўсюджвалася інфармацыя аб магчымым зачыненні пункта прапуску з 3 жніўня.

Пра сітуацыю на мяжы рэдакцыі Delfi напісала грамадзянка Латвіі, якая пражывае ў Даўгаўпілсе. Яна знаходзіцца ў Беларусі, даглядае за цяжкахворай маці і планавала заставацца там яшчэ як мінімум два тыдні. 

"Паколькі ў Латвіі засталіся мае дзеці і муж, мне даводзіцца жыць на дзве краіны — я не магу кінуць маці і пакінуць без увагі дзяцей і мужа", — паведаміла яна. 

Па яе словах, зварот да памежнікаў не даў канкрэтнага адказу аб далейшых дзеяннях.

Кіраўнік МЗС Латвіі рэкамендаваў тым, хто яшчэ не вярнуўся ў краіну, выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты. Прамое аўтобуснае злучэнне з Беларуссю з Латвіі адсутнічае: ліцэнзіі перавозчыкаў скончыліся, новыя не выдаюцца, а неарганізаваныя перавозкі прыпынены да 31 кастрычніка. Іх месца часткова займаюць прыватныя перавозчыкі, бяспека паслуг якіх не рэгулюецца.

Паводле дадзеных Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, у 2024–2025 гадах у Беларусь з Латвіі выязджала 71 тысяча грамадзян краіны, для якіх дзейнічае бязвізавы рэжым.

У апошнія месяцы ўчасціліся выпадкі незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. 29 ліпеня памежнікі прадухілілі 87 спроб незаконнага перасячэння, а з пачатку года — 8992. 

У Літве за першае паўгоддзе колькасць затрыманых нелегальных мігрантаў вырасла ў чатыры разы ў параўнанні з мінулым годам — з каля 300 да больш чым 1200 чалавек, паведамляе агенцтва LETA.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі