"Кухар Пуціна" Прыгожын хоча заблакаваць YouTube

30/10/2022 - 12:48
Яўген Прыгожын (злева) і Уладзімір Пуцін / DW

Стваральнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын накіраваў у Генпракуратуру Расіі заяву з просьбай праверыць дзейнасць відэахостынгу YouTube і заблакаваць яго. Таксама набліжаны да топу расійскай улады алігарх, вядомы як "Кухар Пуціна", просіць прызнаць непажаданай дзейнасць Google LLC у РФ.

"Падчас правядзення СВА [так расійская і беларуская прапаганда называюць вайну ва Украіне. — Еўрарадыё] на платформе пачалася інфармацыйная вайна, накіраваная на ачарненне вобраза Расіі ў вачах карыстальнікаў. На Youtube распаўсюджваюцца фейкі, публікуецца русафобскі кантэнт, заклікі да звяржэння ўлады ў Расійскай Федэрацыі і дэструктыўныя матэрыялы", — цытуе заяву Прыгожына яго прэс-служба.

Размовы пра блакіроўку Youtube у Расіі вядуцца з пачатку вайны ва Украіне. Аднак відэахостынг застаецца дасяжным. У адрозненне ад іншых глабальных айці-прадуктаў, Facebook і Instagram, доступ да якіх у Расіі быў абмежаваны неўзабаве пасля нападзення на Украіну.

На Youtube сапраўды з'яўляецца шмат інфармацыі аб вайне ва Украіне. Напрыклад, за кастрычнік відэа на ютуб-канале Еўрарадыё было прагледжанае больш за 5,5 млн разоў. І большая частка гэтых праглядаў прыпадае менавіта на кантэнт, звязаны з вайной.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі