Кубінец ішоў з Беларусі ў Польшчу па шпалах

20/10/2015 - 05:30

Брэсцкія памежнікі ў чыгуначным пункце пропуску "Буг" затрымалі грамадзяніна Кубы. Як паведамляе прэс-служба памежнікаў, мужчына з невялікім багажом і нацыянальным пашпартам у кішэні пешшу ішоў уздоўж чыгункі ў напрамку Польшчы.

Выявілася, што 27-гадовы кубінец двойчы спрабаваў легальна трапіць у Еўрасаюз цягніком, але безвынікова. Таму гэтым разам ён вырашыў паспрабаваў іншы спосаб. Парушальніка мяжы затрымалі і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Дарэчы, там апынуўся і грамадзянін Эрытрэі, якога памежнікі затрымалі ў цягніку на Варшаву. Пры сабе афрыканец меў толькі ідэнтыфікацыйную карту грамадзяніна Эрытрэі. У мужчыны не было дакументаў ні на права перасячэння мяжы, ні на знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.

Мужчына патлумачыў, што яго сям'я жыве ў Нямеччыне і ён некалькі разоў спрабаваў трапіць да родных. Аднак на беларуска-польскай мяжы яго кожны раз вярталі назад. Падчас аднаго з такіх падарожжаў ён і згубіў свой пашпарт.

Парушальнікам пагражае дэпартацыя на 5 гадоў. Акрамя таго, ідзе высвятленне асобы грамадзяніна Эрытрэі.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі